Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых яркіх падзей з жыцця Касцёла за мінулы тыдзень
Беларусь
02.11.2015 14:09

90 гадоў Пінскай дыяцэзіі і новы касцёл у Пінску, беларуская падрыхтоўка да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве, сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі і іншыя падзеі з жыцця Касцёла за апошні тыдзень.  

У Брэсце прайшла сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі

Каля 80 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі сабралася 24 кастрычніка ў Брэсце на штогадовай сустрэчы моладзі Пінскай дыяцэзіі. Сустрэча праходзіла пад назвай «Вы - святло свету». Дзяліцца гэтым святлом і яго выпраменьваць сёлета ў Брэст прыехалі маладыя католікі з Бярозы, Івацэвіч, Пружан, Баранавіч, Гомеля і Мінска. Арганізатарам сустрэчы стаў кс. Аляксандр Канановіч, якому дапамагала моладзь з Брэста.



Моладзь разважала над тым, як не дазваляць людзям адцягваць ад Бога, як умець засяродзіць сваё сэрца на Езусе, як усталёўваць межы і казаць «не» граху, а таксама як працягваць свяціць нават тады, калі прыходзяць сумненні.

Творчым момантам сустрэчы была тэматычная пантаміма, якую падрыхтавала брэсцкая моладзь. 

 

Папа Францішак павіншаваў беларускіх католікаў з 90-годдзем Пінскай дыяцэзіі

«Яго Святасць заклікае багацце дароў Божага Духа да плённага крочання дарогай дабра і, просячы аб малітве падтрымкі свайго служэння наступніка св. Пятра, давярае кожнага матчынай апецы Марыі — Маці Касцёла», — гаворыцца ў віншаванні.

У тэксце адзначаецца, што Пантыфік ад усяго сэрца дасылае біскупу Антонію Дзям’янку, біскупам канцэлебрантам, прэзбітэрам, законнікам і ўсім вернікам, сабраным каля эўхарыстычнага стала, «шчодрае Апостальскае благаслаўленне, ахопліваючы ім усю дыяцэзіяльную супольнасць і мясцовы Касцёл у Беларусі».

Віншаванне ад імя Папы Францішка даслаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін.

 

У Пінску асвяцілі касцёл св. Бэнэдыкта, пабудаваны за пяць месяцаў

 
Касцёл святога Бэнэдыкта быў узведзены за вельмі кароткі час — пяць месяцаў. Гэты касцёл будзе яднаць католікаў з трох новых мікрараёнаў горада: Лугі, Верасы, Радужны і Паўднёвы, у якіх жыве каля 70 тысяч чалавек. Гэтая падзея стала для Пінска знакавай. Касцёл св. Бэнэдыкта — другая каталіцкая святыня ў горадзе і першая, пабудаваная там пасля амаль двухсотгадовага перапынку. 

«Сёння гэты будынак уяўляе сабой жывую памяць пра ўсе тыя пакуты і ўсе жыцці, якія былі аддадзены. Таксама ён уяўляе сабой вялікую надзею на будучыню, — сказаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. — Бо мы не толькі Касцёл, які жыве ўспамінамі, — мы Касцёл місійны, які жыве моцай Езуса і жаданнем прапаведаваць Евангелле»

 

Першы дзень нараджэння адзначылі ў араторыі ў Дзятлаве

Салезіянскі араторый ў Дзятлаве адзначыў першы дзень нараджэння. У святкаванні прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай каталіцкай місіі «Таварыства св. Францішка Сальскага» кс. Віктар Гайдукевіч SDB, салезіяне, сёстры салезіянкі, святары і прадстаўнікі араторыяў са Смаргоні, Бараўлян і Мінска.



«Салезіянскі араторый — гэта гасцінны дом, у якім ты заўсёды знойдзеш сям’ю; гэта парафія, у якой табе дапамогуць спаткацца з жывым Хрыстом; гэта школа, якая рыхтуе да жыцця; і ўрэшце, гэта пляцоўка, дзе сябры могуць сустракацца і весела праводзіць час», — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.



Паляўнічыя і рыбакі ўшанавалі ў Ракаве св. Губерта

Набажэнства для паляўнічых і рыбакоў з нагоды ўспаміну св. Губерта прайшло ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве. Дзень святога Губерта адзначаецца ў многіх краінах Еўропы. У Даніі ўдзел у імпрэзах прымаюць нават члены каралеўскай сям’і. У Беларусі апошнія чатыры гады паляўнічай супольнасцю апякуецца не толькі святы Губерт, але і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.



Аднойчы ў Вялікую пятніцу св. Губерт, не захоўваючы павагі да смерці Хрыста, пайшоў на паляванне. Там яму аб’явіўся алень з ззяючым паміж рагоў крыжам. Губерт пачуў словы: «Ты вельмі шмат часу прысвячаеш справам гэтага свету. Памятай, што мэта чалавека зусім іншая». Гэта быў пераломны момант у жыцці Губерта. Ён змяніў жыццё і стаў святаром, пазней біскупам, абвяшчаў Евангелле сярод вернікаў і язычнікаў, вылучаўся глыбокай малітвай, захаваннем посту і дабрачыннасцю. Яго ўспамін адзначаецца 3 лістапада.



Парафіяльны фэст у Лучаі акунуў гасцей і парафіян у часы ВКЛ

24 кастрычніка лучайская парафія святкавала парафіяльны фэст у гонар святога Юды Тадэвуша. Вернікі неслі да алтара святога, заступніка ў хвіліну роспачы і ва ўсіх безнадзейных справах, свае просьбы і падзякі. Многія ў знак удзячнасці за ласкі, атрыманыя праз пасрэдніцтва святога Юды Тадэвуша, прыносілі да яго алтара кветкі.

Канцэртная праграма, без якой ужо нельга ўявіць сабе лучайскія фэсты, на гэты раз паспрыяла таму, што слухачы змаглі перанесціся думкамі ў часы Вялікага княства Літоўскага. Кацярына Ваданосава, спявачка і аўтарка песень, разам з гуртом падаравала прысутным свае музычныя творы. Слухачы адудзячылі артыстам апладысментамі і кветкамі. 

 

«Няспынная малітва за Беларусь»: больш за паўгода беларускія хрысціяне моляцца ў інтэнцыі Радзімы

Вось ужо больш за паўгода трымае няспынная малітва за Беларусь, у якой прымаюць удзел беларускія вернікі. «Няспынная малітва за Беларусь», якая пачалася вясной 2015-га, яднае вернікаў розных канфесій у кругласутачнай малітве – кожны можа ахвяраваць 60 хвілін на малітву ў інтэнцыі Бацькаўшчыны.

«Гадзіна малітвы — гэта добрая інвестыцыя, бо можна атрымаць вельмі шмат, прычым у самы кароткі тэрмін, адзначае адзін з удзельнікаў малітвы Яўген Балагураў. За Беларусь трэба маліцца хаця б таму, каб яны адчулі сябе беларусамі, прынамсі, пацікавіліся тым, хто быў іх прадзед». 



Кс. Віталій Дабраловіч – новы дырэктар Нацыянальнага «Caritas»

На новай пасадзе кс. Віталій Дабраловіч замяніў кс. Віктара Гайдукевіча SDB. Рашэнне аб прызначэнні новага дырэктара Нацыянальнага дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» было прынята на пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Пінску.



Ксёндз Віталій Дабраловіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Гродзенскай дыяцэзіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 29 мая 2004 г. З 2006 года ўзначальваў «Caritas» Гродзенскай дыяэцэзіі.

 

Пры беларускім епіскапаце створаны камісія для фармацыі семінарыстаў і рада для кантактаў з дзяржавай

Новыя змены ў структуры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі былі прыняты на 60-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі ў Пінску.

У адпаведнасці з рэкамендацыяй Апостальскай Сталіцы, пры ККББ заснавана новая камісія па справах фармацыі семінарыстаў і святароў на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB. Была створана і яшчэ адна рада пры Канферэнцыі – па справах кантактаў з дзяржавай.



Адказныя за падрыхтоўку да СДМ-2016 у Беларусі зацвердзілі парадак пілігрымавання сімвалаў СДМ па дыяцэзіі Беларусі


Падчас каардынацыйнай сустрэчы ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адказных за падрыхтоўку да Сусветнага дня моладзі была абмеркавана падрыхтоўка беларускай каталіцкай моладзі да ўдзелу ў СДМ-2016.



На сустрэчы была зацверджана праграма духоўнай падрыхтоўкі для кожнай з дыяцэзій, а таксама праграма пілігрымавання сімвалаў Сусветнага дня моладзі — крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani  — у дыяцэзіях і парафіях Беларусі. Таксама была вызначана дыяцэзія, у якой будзе прабываць беларуская моладзь на Місійным Тыдні, — у Седліцах.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.