У Мінску пачаліся працоўныя пасяджэнні ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума (+фота) |
Беларусь |
03.06.2014 21:09 |
3 чэрвеня ў Мінску працягнуўся ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум на тэму «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе». У гэты дзень адбыліся першыя працоўныя пасяджэнні ў межах Форума. Раніцай з удзельнікамі Форума сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кардынал Петэр Эрдзё, сустаршыня Форума з каталіцкага боку, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, між іншым, што “быць хрысціянамі ў Еўропе сёння не заўсёды лёгка”. “Пан папрасіў нас абняць крыж і наследаваць Яго”, - нагадаў іерарх, дадаўшы, што “было б малаверагодна наследаваць Хрыста без дапамогі братоў у веры”. “Мы сабраліся тут, каб паглядзець, якім чынам нам трэба прысутнічаць у сучасных рэаліях”, - заўважыў кардынал. Па словах сустаршыні Форума, “Еўропа – асаблівы кантынент, на ім шмат культур, моваў”, і “гэтая культурная разнастайнасць развіваецца ў апошнія тысячагоддзі пад уплывам хрысціянства”. Але, падкрэсліў кардынал, “Добрая Вестка не абядняе культуры народаў – наадварот, яна дазваляе кожнаму развівацца на аснове ўласных талентаў”. “Сёння мы павінны абраць пэўнае стаўленне да плюралізму”, - звярнуўся да прысутных кардынал. “Наша мэта ў гэтыя дні вельмі важная, бо мы ведаем, што дыягназ праблем недастатковы, - дадаў іерарх. – Неабходна звярнуцца да Пана, без якога чалавек становіцца дэзарыентаваным і не здольным прызнаць жаданне праўды і дабра”. “Мы павінны адкрыць чалавечае сэрца Пану, з якога зыходзяць святло і жыццё для ўсіх”, - звярнуў увагу сустаршыня Форума. “Наша вера – у аб’ектыўнай рэальнасці, у Езусе Хрысце, а не ў комплексе пачуццяў”, - падкрэсліў кардынал. Кажучы пра тое, якім чынам Касцёл можа дапамагчы “ў перыяд культурнага крызісу”, іерарх адзначыў, што “перш за ўсё ён павінен радасна аб’явіць аб сваёй веры”, паколькі “мы знайшлі Хрыста, Ён наш Збаўца, і ніхто іншы”. Касцёл, па словах кардынала Петэра Эрдзё, “вядзе чалавека да першапачатковай крыніцы жыцця”. Сустаршыня Форума з праваслаўнага боку Мітрапаліт Сасімскі Генадзіус у сваёй прамове нагадаў, што “хрысціянскае слова заўсёды гучала ў плюралістычным свеце, спаборнічаючы з рознымі рэлігіямі і перакананнямі”. Па словах іерарха, “відавочна, што культурны плюралізм існуе, але слава Евангелля – у здольнасці пераадолець культурныя адрозненні, стаць над імі”. Растучая разнастайнасць вер, абрадаў сёння становіцца, як адзначыў Мітрапаліт Генадзіус, выклікам для хрысціянства. Еўропу іерарх назваў “піянерам лібералізму”. Сустаршыня Форума выказаў думку, што Еўропа павінна сцвярджаць “магчымасць менавіта канструктыўнага плюралізму, і роля Цэркваў – прапанаваць гэта Еўропе”. “Ці ёсць у хрысціянскай Еўропы будучыня і якая роля хрысціянскіх Цэркваў сёння?” – гэта, па словах Мітрапаліта, спрэчка, якая працягваецца. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, звяртаючыся да сабраных, падкрэсліў, што на гэтым мерапрыемстве “наш голас павінен загучаць так, каб тыя, хто маюць уладу ў Еўропе, нас пачулі”. Іерарх пажадаў удзельнікам Форума, каб іх праца “праходзіла ў такім духу, які адчувалі апосталы пры Спасланні Духа Святога”, а таксама каб час прабывання ў Мінску даў ім “сілу веры і надзеі”. “Мы павінны памятаць, што апостал Павел, жадаючы для ўсіх стаць усім, заставаўся ў той жа час верным Хрысту, гэта значыць захоўваў сваю хрысціянскую ідэнтычнасць”, - звярнуў увагу Мітрапаліт. Патрыяршы Экзарх падзякаваў арганізатарам Форума з каталіцкага і праваслаўнага боку і малітоўна пажадаў ім усім паспяховай працы.
На вечар для ўдзельнікаў Форума была запланавана культурная праграма.
Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |