Беларуская зямля развіталася з Дзяржаўным Сакратаром Папы Францішка |
Беларусь |
15.03.2015 21:40 |
Завяршыўся афіцыйны візіт у Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна. Кардынал знаходзіўся ў нашай краіне з 12 па 15 сакавіка. 15 сакавіка Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці адляцеў у Рым з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» звычайным рэгулярным рэйсам. У аэрапорце на развітанні з кардыналам прысутнічалі ўсе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры мансіньёр Філіппо Чампанэллі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Ад імя дзяржаўных уладаў Беларусі прысутнічалі намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік. Прысутныя цёпла развіталіся з Дзяржаўным Сакратаром Папы.
Афіцыйны візіт кардынала П’етро Параліна ў Беларусь адбыўся па запрашэнні дзяржаўных уладаў нашай краіны. За час свайго прабывання ў Беларусі іерарх прыняў удзел у сустрэчах на дзяржаўным узроўні, у тым ліку з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, сустрэўся з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, асвяціў першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску. Адбыўся ўрачысты прыём, арганізаваны Апостальскай Нунцыятурай з нагоды візіту Дзяржаўнага Сакратара і ў другую гадавіну абрання Папы Францішка. Таксама кардынал прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка да манумента на мінскай плошчы Перамогі, сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Беларусі, правёў прэс-канферэнцыю ў Нацыянальнай бібліятэцы, наведаў міждыяцэзіяльнае велікапоснае чуванне моладзі ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены і цэлебраваў святую Імшу з удзелам дзяцей у архікатэдральным касцёле. (AG) Фота Аляксандры Шчыглінскай
|
Фотарэпартаж |