Вялікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне трэцяе «Жанчына, вось сын Твой» |
Беларусь |
19.03.2017 05:30 |
Уводзіны ў малітву Перад тым, як распачаць сённяшнюю малітву, звярні ўвагу на тое, як ты сябе адчуваеш у Божай прысутнасці. Потым адкрый сваё сэрца Богу, дазволь сабе стаць безабаронным перад Богам любові. Памятай, што ты знаходзішся перад абліччам Бога, які стаў безабаронным перад табой у целе Езуса Хрыста. Запрашэнне
Хрысціяне вераць, што Езус Хрыстус — сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек. Некаторыя хрысціяне часцей звяртаюцца да Езуса чалавека, мужчыны, які хадзіў шляхамі Палесціны І ст. н. э., які меў цела, эмоцыі і перажыванні як мы, і быў сапраўды адным з нас. Іншыя звяртаюцца да Езуса Бога, які ўваскрос з памерлых, узышоў на неба. Можна сказаць, што адныя людзі звяртаюцца да Езуса з Назарэта, а іншыя — да Пана Езуса Хрыста. Сёння мы засяродзімся на постасці Марыі. Марыя — толькі чалавек. Яна не з’яўляецца Богам як Езус. Але тым не менш у адносінах да Яе можна назіраць два стаўленні. Многім з нас лягчэй звяртацца да Беззаганнай Марыі, Каралевы Неба, Маці Божай, да той, якая моліцца за нас у небе. Аднак у сённяшнім разважанні мы паглядзім на Марыю па-іншаму. Будзем разважаць пра Марыю з Назарэта, жанчыну, якая жыве ў галілейскай вёсцы на беразе затокі. Няхай гэтая жанчына будзе перад тваімі вачыма, калі будзеш чытаць урывак з Евангелля паводле Яна...
Ян 19, 26-27 Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе. Разважанне Многія хрысціяне ідэалізуюць Марыю. Мы думаем: «Як цудоўна быць выбранай для такой справы! Як гэта неверагодна — быць Маці Езуса! Яе жыццё было напоўнена ласкай!» Аднак, хоць Марыя сапраўды была поўная Божай ласкі, мы не павінны забывацца, што гэтая рэальная жанчына неаднойчы была вельмі разгубленая ад таго, што адбывалася. Місія і дзейнасць Езуса, напэўна, непакоілі Марыю. Ёй было балюча, як і кожнай маці, глядзець, як Сын пакідае дом. Але нават тады, калі Езусу ў пачатку свайго служэння давялося аддаліцца, Ён любіў сваю сям’ю.
Падумай пра Марыю з Назарэта. У яе было дзіўнае жыццё. Бог выбраў яе выканаць тое, што спачатку збянтэжыла: папрасіў гадаваць Сына, які, напэўна, быў унікальным дзіцём, хоць пра дзяцінства Езуса нам вядома няшмат. Цяпер уяві, што Сын папярэджвае Маці, што Ён адыходзіць, каб абвяшчаць Добрую Навіну… Уяві Марыю, якая турбуецца, што з Ім будзе… Потым уяві, як з часам расце яе разуменне Езусавага паклікання, і яна падтрымлівае Яго на шляху станаўлення менавіта тым, кім Яму прызначана быць.
І вось Марыя пасля ўсіх складанасцяў свайго жыцця стаіць цяпер ля падножжа крыжа. Паспрабуй уявіць, што значыла для яе пачуць словы Сына, скіраваныя да яе: «Жанчына, вось сын Твой», і да ўмілаванага вучня: «Вось Маці твая». Што Езус робіць для Яе ў свае апошнія хвіліны? Ён клапоціцца пра Яе. Размова з Богам
a Вялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words). |