Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую Каталіцкі Касцёл адзначае 15 жніўня, з’явілася ў V ст. Разам з тым варта адзначыць, што Новы Запавет не згадвае аб апошніх днях жыцця, смерці і аб Унебаўзяцці Панны Марыі. Не існуе яе гробу або рэліквій, а асоба Маці Божай не звязваецца ні з якім канкрэтным месцам.
Таямніца ўваходу Марыі на неба разам з целам і душой абвешчана дагматам веры 1 лістапада 1950 г. папам Піем ХІІ. Гэтую ўрачыстасць адзначае як Каталіцкі Касцёл на Захадзе, так і ўсходнія хрысціяне, у якіх яна называецца Успеннем Маці Божай.
З Унебаўзяццем звязаны многія народныя звычаі. У паўднёвай Германіі, падобна як і ў Польшчы, у гэты дзень асвячаюцца расліны. Вернікі прыносяць у касцёлы па-мастацку зробленыя, прыгожыя букеты. Колькасць кветак у іх вагаецца ад 7 да 77. Падчас абраду асвячэння спяваюцца песні, у якіх Марыя праслаўляецца як «лілея далін» і «кветка палёў». Букеты асвечаных раслін нясуць дадому і засушваюць. Лічыцца, што яны абараняюць ад хваробаў і прыносяць у дом благаслаўленне.
Як сцвярджае нямецкая прыказка, «калі ў дзень Унебаўзяцця свеціць сонца, можна спадзявацца на багаты ўраджай садавіны і салодкі вінаград». Гэта азначае, што Панна Марыя благаслаўляе неба і зямлю, фаўну і флору.
Асвячэнне раслін падкрэслівае, што чалавеку патрэбна аздараўленчая моц прыроды. Хрысціянства ў гэтым сэнсе мае багатыя традыцыі, дастаткова ўспомніць хаця б вельмі папулярную ў Германіі св. Гільдэгарду Бінгенскую, манахіню і лекарку, якая жыла ў 1098–1179 гг., і шматлікія кляштары, у якіх практыкуецца лячэнне зёлкамі.
У Сіене (Італія) 15 жніўня адзначаецца свята, якое называецца palio — гонкі на конях вакол галоўнага рынку. Свята арганізуецца ў памяць аб 1260 г., калі горад, перажываючы вялікія няшчасці, аддаў сябе апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і атрымаў незалежнасць ад Фларэнцыі. Пераможца конных гонак у гэты дзень атрымлівае шалік з выявай Маці Божай.
У Польшчы урачыстасць звязваецца з заканчэннем збору ўраджаю, таму тут існуе прыказка: «На Унебаўзяцце скончана жніво». Адбываецца асвячэнне пладоў, найперш таго, што вырасла на палях і садах каля дамоў. Кожны букет павінен утрымліваць каласы пшаніцы, жыта, ячменю і аўса.
Традыцыя прадстаўляе Маці Божую, якая ўзносіцца ў прамяністым святле анёламі на неба. Так Унебаўзяцце выяўляе большасць твораў мастацтва. У Германіі гэтая тэматыка з’явілася спачатку на барокавых фрэсках у касцёлах Баварыі. «Унебаўзяцце Марыі» Рубенса, створанае ў 1626 г., знаходзіцца ў Нацыянальнай Галерэі Мастацтваў у Вашынгтоне (ЗША).
Да найбольш выдатных твораў на гэтую тэму належаць таксама «Assunta» («Унебаўзятая») Тыцыяна ў касцёле Санта Марыя Гларыёса (Марыя, поўная хвалы) у Венецыі (Італія). Гэты вялікі абраз у галоўным алтары, створаны ў 1516–1518 гг., належыць да шэдэўраў вялікага мастака, які пазней стаў папскім партрэтыстам.
|