Адвэнтавы вянок на падваконні: сёння пачалося «радаснае чаканне» |
Каляндар |
29.11.2015 02:16 |
Адвэнтавы вянок на падваконні, Запалкі — свечка першая заззяе,
«У католікаў, а таксама ў некаторых пратэстантаў (напрыклад, у лютэран) час перад Божым Нараджэннем называецца Адвэнтам. Доўжыцца гэтае чаканне чатыры тыдні, а ў вернікаў Праваслаўнай Царквы гэты час называюць Піліпаўскім пастом, альбо Піліпаўкай, што працягваецца да 7 студзеня. Тут адразу прыгадаеш сумную і гаротную паэму Купалы «У Піліпаўку». Дарэчы, пост названы так у гонар святога апостала Піліпа, жыццё якога было прысвечана абвяшчэнню Божага слова, за што ён і быў укрыжаваны галавою ўніз. У жыцці беларускага народа і яго культуры гэты час атаясамліваўся з самымі моцнымі маразамі, нездарма на пачатку ХХ стагоддзя пісаліся Купалавы радкі: «Страшную людзі цярпелі зіму: Сучасны беларус хіба з радасцю б пажадаў, каб бліжэй да Божага Нараджэння замялі завеі, а то замест снегу часам пенапласт трэба выкарыстоўваць, каб стварыць зімовы настрой. А раней была актуальнай прымаўка: «Піліпаўка наступае, мароз на вуліцу не пускае». У сувязі з тым, што пачынаўся пост, са стала знікала ўся тлустая ежа. Вам не прыгадваюцца ўспаміны бабуляў пра тое, як старэйшы ў сям'і мужчына казаў: «А зараз так памыць катлы ды патэльні, каб ані кроплі не было, ані крышынкі скаромнай»? Дзядуля маёй бабулі, які быў вельмі строгім гаспадаром і між тым хрысціянінам, кожная раніца якога пачыналася з гадзінак і іншых малітваў, менавіта так і казаў. Унукі баяліся майго прапрадзядулю, але на ўсё жыццё запомнілі строгага дзеда і яго непахіснасць у выкананні традыцый і простасць і шчырасць у веры. Хіба і ў вашай сям'і былі такія дзяды? Дарэчы, калі слова зайшло пра пост, хоць Адвэнт і называюць "радасным чаканнем" і ў строгасці ён саступае Вялікаму, але нашы продкі захоўвалі традыцыі посту. На іх сталах не з'яўляліся ані мяса, ані яйкі, ані малако. Затое была рыба і ўсё тое, што «расце ў лесе і ў полі»: грыбы, бульба, капуста, рэдзька. Стравы, зробленыя з гэтых прадуктаў, запраўляліся алеем ці канапляным маслам. У гэты час не спраўлялі вяселлі. Разам з тым менавіта ў гэты час пачыналіся зімовыя працы, якія збіралі беларускіх жанок у хатах разам. Напрыклад, вечарамі збіраліся часаць воўну, з якой каталі валёнкі альбо пралі ніткі.
Такія прыказкі напрыдумляў наш народ: «У Піліпаўку дзень да палудня», «Піліпаўскі лёд кажа: "Хоць трашчу, але не пушчу"» і іншыя. Нашы продкі перадкалядны пост адзначалі ўжо ў раннехрысціянскія часы, але працягласць была заўсёды неакрэсленая. У 1166 падчас Канстанцінопальскага Сабору была акрэслена дата пачатку і канца. З пачатку Адвэнту пачынаецца Новы год — новы літургічны год, які на гэты раз прызначаны Годам Міласэрнасці. Таму тут і даросламу, і дзіцяці не пашкодзіла б завесці «Адвэнтавы каляндар Міласэрнасці». Дзіцяці — каб малечу прывучаць, а даросламу — каб ізноў прыгадаць. Што ж, у першы дзень і наступныя гэтага «радаснага чакання», бо якое ж яшчэ можа быць чаканне, калі павінна нарадзіцца дзіця, няхай кожны яшчэ памятае і пра адказнасць. Адказнасць найперш перад сабою, каб не змарнаваць гэты час чакання, а сустрэць новае жыццё, самому стаўшы новым. Змененым — больш адважным і моцным, больш шчырым і чыстым, больш лагодным і ўважлівым, больш верным і надзейным, каб быць годным Дару Бога, які нам дае найдаражэйшае — свайго любага і адзінага Сына, каб і мы вучыліся такой Любові, у імя якой таксама здолеем аддаць Найдаражэйшае. Аксана Ючкавіч
|