Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Гасподняй 2016 года
Грэка-Каталіцкая Царква
24.03.2016 11:02

Вялебныя айцы святаслужыцелі!

Дарагія манахі, манахіні і браты семінарысты!

Любыя ў Госпадзе браты і сёстры! Паважаныя сябры!

1. Пасхальныя святкаванні сёлета з’яўляюцца асаблівымі для Царквы Хрыстовай. Яны праходзяць у межах Года Божай Міласэрнасці, які быў абвешчаны Святым Айцом Францішкам. Як адзначаў ягоны папярэднік святы Папа Ян Павел ІІ: «Пасхальная містэрыя — гэта найвышэйшая кропка... у якой міласэрнасць становіцца рэальнасцю». Смерць і ўваскрасенне Ісуса Хрыста з’яўляюцца найвышэйшымі з магчымых праяваў Божай Міласэрнасці, выяўленай у дачыненні да чалавека.

Любоў Божая, якая праявілася ў тым, што Ён не пашкадаваў свайго Сына для збаўлення людзей, дазваляе чалавеку паверыць у прысутнасць любові ў свеце, паверыць у яе магутнасць. Паверыць у міласэрнасць і адкрыць глыбокі, праўдзівы сэнс любові, міласэрнасці і салідарнасці ў адносінах між людзьмі, між народамі, між Цэрквамі.

У гэтай пасхальнай перспектыве Божай Міласэрнасці беларускія грэка-католікі далучаюцца да словаў Дэкларацыі, якую ў лютым падпісалі ў Гаване Папа Францішак і Патрыярх Кірыл: «Прыносім падзяку Богу, які праслаўляецца ў Тройцы, за гэтую сустрэчу». Абдымкі высокіх першаіерархаў – гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысце.

2. Крыж Хрыстовы паказвае глыбокую салідарнасць Бога з грэшным, слабым, церпячым і разгубленым чалавецтвам. Крыж — гэта шанец на аднаўленне гарманічнага парадку ў чалавеку, задуманага Богам ад стварэння, шанец прабачэння Богам чалавека і ўсталявання супакою ў свеце.

У гэтым годзе ўрачысты ўспамін Хрыстовых пакутаў і смерці ў Вялікую пятніцу супадае ў календары са святкаваннем Дабравешчання Багародзіцы.

Яго Святасць Папа Францішак напісаў у буле «Misericordiae Vultus», што Багародзіца, якая праз «найвышэйшы акт прабачэння таго, хто Яго [Хрыста] ўкрыжаваў, паказвае нам, як далёка можа сягаць Божая Міласэрнасць. Дзева Марыя пацвярджае, што міласэрнасць Божага Сына не ведае межаў і даходзіць да ўсіх без выключэння».

3. Словы пасхальнага хрысціянскага прывітання «Хрыстос уваскрос — Сапраўды ўваскрос!», якое ўсцяж паўтарае Царква Божая, гучаць як асаблівы заклік да ўсіх людзей спазнаць Божую Міласэрнасць. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква хоча ўключыцца ў служэнне распаўсюджвання Весткі пра Божую Міласэрнасць праз абвяшчэнне Добрай Навіны Хрыстовай, служэнне прабачэння святароў, праз малітвы за патрабуючых, сведчанне міласэрнасці праз дабрачыннасць. Асаблівым чынам трэба адзначыць вартасць дабрачыннай дзейнасці ў сацыяльным служэнні многіх парафій.

Многія вернікі Царквы пачалі практыкаваць у гэтым годзе Вяночак да Божай Міласэрнасці, варта таксама звярнуцца да старажытнай малітвы нашай Царквы — Акафіста да Хрыста Чалавекалюбцы.

4. Таксама гэты год для нашай Царквы з’яўляецца часам падрыхтоўкі да святкавання 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам.

Міласэрнасць Божая, якая прамянее са слова Божага, змагла 500 гадоў таму дакрануцца да большай колькасці людскіх сэрцаў на нашай зямлі праз пераклад Бібліі на нашую родную мову. Няхай жа падрыхтоўкай да гэтага Юбілею будзе больш руплівае чытанне Святога Пісання па-беларуску вернікамі нашай Царквы.

У гэтым годзе адзначаем таксама 90-годдзе з дня нараджэння а. Аляксандра Надсана, які ў мінулым годзе адышоў да Госпада. Ягонае ахвярнае служэнне праз пераклады літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі на беларускую мову сталася каштоўным сведчаннем Міласэрнасці Божай да нашага народа.

Любыя ў Госпадзе браты і сёстры!

Вялікдзень прыносіць нам радасць Уваскрасення Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста – радасць перамогі Божай Міласэрнасці.

Хай глыбокая вера, мужная надзея і дзейсная любоў суправаджаюць нас на шляху нястомнага сведчання ўсім жыхарам Беларусі пра пасхальную Перамогу Уваскрослага Хрыста ў нашых сем’ях і ў нашай Бацькаўшчыне.

Хрыстос уваскрос – Сапраўды ўваскрос!

+архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.