Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Успамін св. Губерта ў Бакштах — свята тых, хто любіць прыроду
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.11.2012 21:10

Ужо шмат гадоў парафіяй у Бакштах (Гродзенская дыяцэзія, Іўеўскі дэканат) апякуецца св. Губерт. Капліца, у якой збіраюцца на малітву вернікі, прысвечана гэтаму святому. 3 лістапада 2012 г. у Бакштах адбылася парафіяльная ўрачыстасць.

Абраз св. Губерта, змешчаны ў цэнтральным месцы капліцы, з’яўляецца дарам для парафіі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. На абразе прадстаўлены малады чалавек у паляўнічым строі, з дзідай і паляўнічым рогам пры боку. Побач на абразе — алень са ззяючым крыжам паміж рагамі.

Святы Губерт — апякун паляўнічых, леснікоў, рыбаловаў і кушняроў. Ён жыў у VII ст. і вядомы як біскуп і місіянер. Яго жыццёвы шлях быў няпростым, і навярнуцца да Бога яму дапамог выпадак на паляванні, дзе будучы святы ўбачыў аленя са ззяючым паміж рагамі крыжам. Святы вядомы таксама як абаронца ад вар’яцтва і ад укусаў сабак.

Культ святога развіваўся галоўным чынам сярод рыцараў і прыдворных, бо менавіта яны найчасцей займаліся паляваннем. Падчас Імшы ва ўспамін св. Губерта асвячалася зброя, якой карысталіся паляўнічыя. З тых часоў пайшла і прыказка: «Калі ў свой час „голы“ лёс настае, святы Губерт з лесу поўны абед дае».

Гамілію падчас адпустовай урачыстасці ў Бакштах прамовіў кс. Ян Балтрукевіч. Святар узгадаў жыццёвы шлях св. Губерта і адзначыў, што ўспамін гэтага святога з’яўляецца святам тых, хто любіць прыроду. Таксама святар паразважаў над важнасцю малітвы і значэннем нядзельнай літургіі ў жыцці хрысціяніна, падкрэсліўшы, што нядзеля павінна быць для кожнага верніка часам, прызначаным на малітву і адпачынак.

Святы Губерт з маладых гадоў любіў лес і захапляўся паляваннем. Таму 3 лістапада на малітве ў Бакштах сабраліся таксама леснікі, дзякуючы Богу за апеку і давяраючы Яму сваё жыццё.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. Дзмітрый Несцер падзякаваў удзельнікам свята за супольную малітву і выказаў надзею, што св. Губерт будзе і далей апекавацца невялікай парафіяй у Бакштах.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.