Трэці дзень VI Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, 18 чэрвеня, быў прысвечаны тэатру - аднаму з элементаў трыяды "святыня - тэатр - спорт", з якіх складаецца парафіяда. Пасля папярэдняга дня, калі маладыя вернікі ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, праграма гэтага дня дала ім магчымасць выявіць свае веды і таленты.
Раніцай для ўдзельнікаў парафіяды адбылася Імша ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
«Тэатр» — час, калі дзеці і моладзь маглі праявіць свае артыстычныя здольнасці, паказаць свае таленты праз удзел у тэатральных пастаноўках. У розных узроставых катэгорыях праходзілі спаборніцтвы ў конкурсе рэлігійнай песні, конкурсе малюнкаў, біблійным спаборніцтве, конкурсе ведаў гісторыі Касцёла.
Каталіцкі Касцёл прыкладвае шмат старанняў, каб выхоўваць маладое пакаленне ў поўнай культуры слова і ўчынку. З гэтай мэтай адбываюцца і падобныя мерапрыемствы, на якіх удзельнікі між іншым вучацца культуры слова і самі ствараюць культуру быцця.
Дзеці і моладзь паказалі на конкурсах гэтага дня высокі ўзровень ведаў. Самі ўдзельнікі кажуць, што да парафіяды рыхтаваліся доўгі час, удзельнічаючы ў пробных конкурсах. Заўважаўся таксама высокі ўзровень культуры маладых вернікаў, якія ў міжасабовых зносінах праяўлялі ўзаемную пашану і разуменне.
Вечарам адбыўся канцэрт дзіцяча-моладзевага гурта “Liberamente” гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, якая ўвесь гэты дзень прымала ўдзельнікаў парафіяды.
19 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае заканчэнне парафіяды і ўручэнне ўзнагарод тым яе ўдзельнікам, якія прадставілі найлепшыя вынікі. Аднак, як кажуць і арганізатары гэтага мерапрыемства, варта памятаць, што найважнейшае – не перамога, а ўдзел.
Кс. Юрый Марціновіч, AG
|