19-25 кастрычніка праходзіла кананічная візітацыя Астравецкага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Візітацыю праводзіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
За час візітацыі іерарх наведаў усе парафіяльныя касцёлы і капліцы дэканату, сустрэўся і паразмаўляў з вернікамі, духавенствам, памаліўся разам з імі і прыгледзеўся да парафіяльнага жыцця ў гэтай частцы дыяцэзіі.
Кананічная візітацыя прадугледжана для таго, каб біскуп мог азнаёміцца з тым, як вядзецца душпастырства. Гэта нагода для іерарха даведацца аб праблемах, з якімі сустракаюцца вернікі і святары ў сваіх супольнасцях, а для іх магчымасць задаць біскупу свае пытанні.
Астравецкі дэканат мае багатую культурную спадчыну і сакральную архітэктуру. На яго тэрыторыі знаходзіцца шмат надзвычай прыгожых святыняў, якія прыцягваюць шматлікіх пілігрымаў і турыстаў з Беларусі і замежжа. У якасці прыкладу можна ўзгадаць святыню ў Гервятах, якую часта называюць «беларускім Нотр-Дамам». Біскуп Аляксандр Кашкевіч сустрэўся з многімі вернікамі, для якіх візіт ардынарыя стаў сапраўдным святам і значнай падзеяй. Як адзначалі самі вернікі асобных парафій, якія наведваў іерарх, у гэты час ва ўсім наваколлі панавала сапраўднае ўзрушэнне. Многія людзі ўключыліся ў тое, каб як мага лепш падрыхтавацца да сустрэчы з біскупам.
У межах візітацыі гродзенскі ардынарый сустрэўся ў Астраўцы з медыкамі, міліцыянерамі і настаўнікамі і асвяціў шпітальную капліцу св. Яна Паўла ІІ у Міхалішках.
Вернікі дэканату прагна чакалі пастырскага слова свайго біскупа, у якім гучала апека і пасланне надзеі на Божую міласэрнасць. Таксама ўсе, хто сустракаўся з іерархам, атрымлівалі благаслаўленне.
Кананічная візітацыя завяршылася вечарам 25 кастрычніка ўрачыстай святой Імшой у касцёле свв. Космы і Дам’яна ў Астраўцы з удзелам духавенства дэканату. Біскуп Гродзенскі ў знак удзячнасці святарам і кансэкраваным асобам, якія служаць у дэканаце, цэлебраваў гэтую Імшу ў іх інтэнцыі, просячы, каб Божае благаслаўленне заўсёды спадарожнічала ім у штодзённым служэнні абвяшчэння Божага слова.
Падчас Эўхарыстыі біскуп выказаў радасць з магчымасці наведаць усе парафіяльныя супольнасці і адзначыў, што быў умацаваны верай парафіян, якія трываюць у малітве і верныя Хрысту.
Дэкан Астравецкага дэканату кс. Юзаф Багдзевіч падзякаваў іерарху за пастырскі клопат і за добрае слова, а найперш за супольную малітву і пастырскае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч
|