Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч адчыніў Святыя Дзверы ў гродзенскай катэдры
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.12.2015 16:48

13 снежня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адчыніў Брамy Міласэрнасці ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

Шматлікія вернікі Гродна перад пачаткам святой Імшы сабраліся каля святыні, каб быць сведкамі гэтай незвычайнай падзеі. Спеў песні «Езу, давяраю Табе ад наймаладзейшых гадоў» уводзіў у перажыванне літургіі, якая адкрыла Юбілейны Год Міласэрнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі.

З гэтага часу да 20 лістапада 2016 г. у гродзенскім катэдральным касцёле вернікі будуць мець магчымасць атрымаць поўны адпуст.



Пасля адкрыцця Святых Дзвярэй біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў усіх увайсці ў святыню. Затым пачалася ўрачыстая Імша з удзелам святароў, кансэкраваных асобаў, навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і вернікаў горада.

У гаміліі гродзенскі ардынарый адзначыў, што Папа Францішак, абвяшчаючы Юбілей, жадаў звярнуць увагу ўсяго Касцёла на вялікі дар, якім з’яўляецца Божая міласэрнасць. Іерарх дадаў, што праз сваё рашэнне Святы Айцец хоча, каб у гэты Юбілейны Год «увесь Касцёл скіраваў свой позірк на таямніцу міласэрнасці, каб кожны чалавек спазнаў блізкасць і любоў Айца Нябеснага».



Біскуп падкрэсліў, што ў гэты асаблівы год ласкі ад Пана кожны вернік павінен паставіць сабе мэту – распазнаваць Бога ў бліжніх, якім патрэбна дапамога. «Калі мы хочам спаткаць Езуса ў нашым жыцці, павінны вучыцца распазнаваць Яго ў бліжнім, які мае патрэбу ў дапамозе», — сказаў іерарх.

Гродзенскі ардынарый заахвоціў усіх задумацца падчас Юбілею аб учынках міласэрнасці адносна цела і адносна душы і заклікаў нанова адкрываць гэтыя ўчынкі міласэрнасці.

Па словах біскупа, у гэтым годзе можна, а нават трэба, карыстацца ласкай атрымання адпустаў.

«Каб дапамагчы нам адкрыць нанова ўсё духоўнае багацце, схаванае ва ўчынках міласэрнасці, Святы Айцец пастанавіў, што кожны раз, калі вернік сам выканае адзін або некалькі з гэтых учынкаў, атрымлівае поўны адпуст», — сказаў іерарх, дадаўшы, што гэты адпуст, як звычайна, можна будзе ахвяраваць за сябе або за адну памерлую асобу.

«Уваходзячы з верай у Надзвычайны Год Міласэрнасці, просім Пана Езуса, каб усе далі здзівіць сябе Богу, Айцу Міласэрнасці. Ён нястомна адчыняе перад намі дзверы свайго сэрца, каб паўтараць, што любіць нас і што хоча дзяліць з намі сваё жыццё», — адзначыў гродзенскі ардынарый.



«Няхай пасланне міласэрнасці, якое абвяшчае Хрыстовы Касцёл, дасягне кожнага чалавечага сэрца. Няхай у нас усіх абудзіць прагненне дзяліцца міласэрнасцю і дабрынёй з бліжнімі, каб мы былі міласэрнымі, як міласэрны Айцец наш нябесны», — пажадаў іерарх.

На заканчэнне Імшы біскуп удзяліў спецыяльнае благаслаўленне маці, якія чакаюць нараджэння дзяцей.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.