Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Брамы Міласэрнасці адчынены ў Лідзе: прыйсці і ўпасці ў абдымкі міласэрнага Бога
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.12.2015 11:21

13 снежня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адчыніў Брамы Міласэрнасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе. У незвычайнай падзеі прыняло ўдзел шмат вернікаў.

Лідская святыня стала месцам пілігрымкі вернікаў, якія, спаўняючы звычайныя ўмовы, могуць атрымаць там поўны адпуст, удзельнічаючы ў святой Імшы і прыступіўшы да святой Камуніі.

Пасля адкрыцця Святых Дзвярэй у касцёле адбылася Імша, падчас якой біскуп Юзаф Станеўскі маліўся аб тым, каб усе вернікі Гродзенскай дыяцэзіі добра выкарысталі час Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці і ахвотна карысталіся магчымасцю атрымаць адпусты – багацце Касцёла, паглыбляючы сваю веру і сяброўства з Езусам.


У гаміліі іерарх адзначыў, што Юбілей Міласэрнасці Папа Францішак абвясціў у Каталіцкім Касцёле для таго, каб «усе асабіста спазналі Божую міласэрнасць, сапраўды спаткаліся з міласэрным Айцом, які першы выходзіць нам насустрач, прабачае, суцяшае і, узбройваючы нас надзеяй, ускладае на нас “новыя шаты”». Біскуп дадаў, што сустрэча з міласэрным Айцом – мэта Года Міласэрнасці.

Іерарх нагадаў, што 8 снежня падчас адкрыцця Брамаў Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане Папа сказаў, што адчыняе гэтыя Святыя Дзверы для ўсіх, і для сябе таксама, бо з’яўляецца грэшнікам, на якога Пан паглядзеў з міласэрнасцю. Пантыфік сказаў таксама, што з’яўляецца чалавекам, якому ў жыцці не раз было прабачана.


Біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што кожны чалавек спазнае бязмежнасць Божай міласэрнасці кожны дзень. «Гэтую Божую міласэрнасць мы спазнаем не толькі ў абяцанні Бога, якое ўзнёсла гучыць, але і ў штодзённай рэчаіснасці. Убачыць Бога такога, якім Ён ёсць ад пачатку. Калі мы хочам убачыць сапраўднае аблічча Бога, то павінны ўглядацца ў Езуса Хрыста, які з’яўляецца міласэрным», – сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што Брамы, якія адчыняюцца ў гэты дзень, – гэта Хрыстус. «Гэта ў Яго абдымкі мы падаем. Хрыстус запрашае нас, каб мы спазналі Яго міласэрнасць. Чынячы пакаянне і справы міласэрнасці ў дачыненні да нашых бліжніх, будзем паўтараць з верай: Езу, давяраем Табе», – заахвоціў вернікаў іерарх.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.