26 снежня гродзенская парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз сабрала ўдзельнікаў пілігрымкі «Гродна – Рось» на сумеснай малітве і аплаткавай сустрэчы.
Гэтая сустрэча ўжо стала традыцыяй для кожнага пілігрыма і для тых, хто яшчэ толькі плануе наведаць санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.
Пачалася сустрэча святой Імшой, якую ўзначаліў ужо пастаянны і ўсімі любімы ўдзельнік i кіраўнік пілігрымкі ксёндз Юрый Марціновіч. Святар, як заўсёды, арганізаваў саму сустрэчу, падрыхтаваў цікавую гамілію і, вядома, разам з усімі ўзгадаў лепшыя моманты пілігрымкі.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што святы Божага Нараджэння – асаблівы час, калі важна адорваць бліжняга цеплынёй і любоўю. Святар дадаў, што падчас гэтых святаў людзі ўсведамляюць праўду аб тым, што Езус Хрыстус «паставіў намёт сярод нас і стаў прабываць з намі, каб і ўсе людзі маглі адчуваць сябе ў Бога, як дома».
«Той, хто адзіны з’яўляецца чыстым, нарадзіўся ў самым брудным месцы, каб нас вызваліць ад усялякага бруду, — сказаў кс. Юрый Марціновіч. — На нашай беднай зямлі Езус абраў для сябе стайню і крыж. Таму праз 20 стагоддзяў перад стаенкай і крыжам становяцца на калені мільёны дзяцей гэтай зямлі, становяцца таксама і ўдзельнікі пешай пілігрымкі з Гродна ў Рось».
Падчас Імшы вернікі дзякавалі Богу за чарговую сустрэчу, маліліся за ўсіх удзельнікаў пілігрымкі і тых, хто штогод дапамагае ў яе арганізацыі.
Аплаткавая сустрэча была надзвычай атмасфернай, уключала спеў калядак, танцы і самыя лепшыя пажаданні адзін аднаму.
Кожны год на сустрэчу з’язджаюцца пілігрымы не толькі з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, але таксама з іншых беларускіх гарадоў і нават з Польшчы. Свята Божага Нараджэння аб’ядноўвае ўсіх. Удзельнікі пілігрымкі — адна вялікая сям’я, татам для якой з’яўляецца Езус Хрыстус, таму на гэтай сустрэчы заўсёды пануе цёплы хатні настрой.
Пілігрымы адчувалі ў гэты дзень радасць, любоў да Езуса і бліжняга. Канешне, прысутныя ўзгадалі жнівеньскія дні, свае мазалі, цяжкасці, радасці, атмасферу пілігрымкі і адчулі жаданне зноў вярнуцца туды.
Удзельнікі сустрэчы жадаюць, каб Пан Бог напаўняў кожнага пілігрыма патрэбнымі ласкамі для таго, каб у наступным годзе пілігрымка была яшчэ больш трывалай, каб кожны, хто сапраўды жадае, змог наведаць санктуарый у Росі і занесці да Езуса ўсе свае падзякі, просьбы і малітвы.
Марыя Алешчык, (AG)
|