24 сакавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якая з’яўляецца выразам еднасці і супольнасці духавенства дыяцэзіі.
На Імшу ў катэдру — «маці» касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі — прыбылі, каб супольна дзякаваць Езусу Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу, дыяцэзіяльныя і законныя святары, якія нясуць служэнне ў розных парафіяльных супольнасцях Гродзеншчыны.
Усе сабраліся вакол цэнтральнага алтара дыяцэзіі, каб разам са сваім ардынарыем біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам i дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім дзякаваць за дар святарства.
Святарства — дар Хрыста Уваскрослага Вялікі чацвер — асаблівы дзень у жыцці кожнага святара, каб прыгадаць сабе той момант, калі ўпершыню ў жыцці пачуў далікатны голас Хрыста: «Ідзі за Мной», — і прыгадаць свае першыя, часта няўпэўненыя, крокі ў кірунку алтара. Гэта быццам вяртанне да каранёў, з якіх вырасла пакліканне, да дня яго нараджэння ў сэрцы, да моманту, калі пачуў голас Хрыста, што кліча кожнага па імені.
Агарнуць малітвай святароў i падзякаваць ім за штодзённае так патрэбнае свету служэнне, прыбыло ў катэдральны касцёл шмат вернікаў, якія дзякавалі Богу за сваіх душпастыраў, з чыёй дапамогай могуць карыстацца з сакрамэнтальнага жыцця Касцёла. Кожны святар пакліканы быць найперш слугой, і яго святарства ў паўнаце рэалізуецца, калі ён мае вакол сябе вернікаў і хоча ім служыць.
Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі гродзенскі ардынарый нагадаў, што пакліканне да святарства — не заслуга і не ўзнагарода, а «дар Хрыста Уваскрослага свайму Касцёлу».
«Мы трактуем гэты дар, складзены ў нашы рукі, з удзячнасцю, а разам з тым з вялікай пакорай, страхам і трапятаннем, свядомыя таго, што гэта скарб, які мы захоўваем у гліняным начынні, каб з Бога, а не з нас, была яго велізарная моц», — сказаў іерарх. Па словах біскупа, сакрамэнтальнае святарства асаблівым чынам робіць відавочнай цудоўную таямніцу супрацоўніцтва ўсемагутнага і найсвяцейшага Бога са слабым і грэшным чалавекам.
«Няхай усведамленне, што мы, святары, дзейнічаем не ўласнай моцай, а моцай Хрыста, які дзейнічае праз нас, аберагае нас ад пыхі і высакамернасці, а адначасова дае суцяшэнне ў хвіліны смутку, сумнення, знікнення ахвоты», — пажадаў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што кожны святар павінен засяроджваць позірк на Хрысце, і тады «абвяшчэнне Добрай Навіны будзе праўдзівым і паспяховым, словы будуць поўныя Духа, а ўчынкі і прыклад жыцця будуць набліжаць людзей да Бога».
Аднаўленне любові з Хрыстом «Штодзённа здзяйсняючы Эўхарыстычную ахвяру, яднаючы людзей з Богам у сакрамэнце пакаяння, абвяшчаючы Божае слова і падтрымліваючы асабістай малітвай давераны нам народ і ўвесь Святы Касцёл, будзем нястомна ўглядацца ў аблічча Хрыста, дазволім Яму, каб захапіў, зачараваў нас Сабой, каб учыніў нас сваімі вернымі спадкаемцамі і нястомнымі вестунамі Яго Валадарства», — падкрэсліў гродзенскі ардынарый.
Карыстаючыся нагодай, біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім святарам, якія ўтвараюць прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне, за ахвярнае, руплівае, адданае служэнне Божаму народу, за працу абвяшчэння Божага слова і ўдзяленне сакрамэнтаў, а таксама за ўсё духоўнае дабро, якім Бог адарыў вернікаў дзякуючы святарскаму служэнню.
Біскуп падзякаваў таксама ўсім вернікам за малітву і павагу, якімі яны атачаюць сваіх душпастыраў, і заахвоціў да далейшай малітвы за духавенства, адзначыўшы, што гэтая малітва дапамагае святарам яшчэ лепш і вярней рэалізоўваць пакліканне, якім іх адарыў Хрыстус.
Падчас Імшы духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус. Таксама былі асвечаны алей хворых, алей катэхуменаў і кансэкраваны алей хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў. Кс. Юрый Марціновіч, (AG) Фота Максіма Хаванскага
|