Урачыстай святой Імшой Вячэры Пана, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе 24 сакавіка распачалі перажыванне Пасхальнага Трыдууму.
«Вечарам Вялікага чацвярга мы прыходзім у нашу лідскую Фару, у Брамы Міласэрнасці лідскай зямлі. Прыходзім, як заўсёды, але і інакш, бо каб не толькі прыняць удзел у святой Імшы, але і стаць у паставе ўдзячнасці перад Езусам Хрыстом за дар устанаўлення і даравання Касцёлу сакрамэнту Эўхарыстыі і святарства», — адзначыў у гаміліі, звяртаючыся да сабраных вернікаў, біскуп.
Па словах іерарха, тое, што адбылося ў Вялікі чацвер у вячэрніку, «можна перажыць у ролі назіральніка», які прыадчыняе дзверы і бачыць дзіўную сцэну: Езус нахіляецца, каб абмыць ногі апосталам.
«Мы адчуваем патрэбу ўвайсці ў сярэдзіну, у вячэрнік, і пакаштаваць, — дадаў біскуп. — Менавіта тут — вячэрнік, тут падрыхтаваны дары: хлеб і віно. Тут прысутны Хрыстус, які нас запрасіў, і мы маем магчымасць перажываць Вячэру, седзячы з апосталамі за тым самым сталом разам з Хрыстом у нашым лідскім вячэрніку».
«Тут і зараз мы сустракаемся з Хрыстом, прысутным у таямніцы Эўхарыстыі, — нагадаў біскуп. — Калі мы здзяйсняем Эўхарыстыю, Езус робіць нас здольнымі трываць у супольнасці з Ім. Калі мы здзяйсняем Эўхарыстыю, Дух Святы чыніць сённяшнім тое, што Езус зрабіў падчас Апошняй Вячэры тады».
Кажучы пра тое, што на Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю і святарства, іерарх адзначыў: «Хрыстус прыходзіць да нас праз служэнне святара, таму што Бог настолькі даверыўся чалавеку, што ў нашы слабыя рукі склаў здзяйсненне найсвяцейшых рэчаў. (…) Хрысту неабходны рукі святара, каб благаслаўляць, яго вусны, каб навучаць, яго сэрца, каб любіць».
У сувязі з гэтым біскуп заахвоціў усіх удзельнікаў Імшы да малітвы аб пакліканнях да святарства і да малітвы за тых, хто ўжо пакліканы, каб яны вытрывалі на шляху святарства. Іерарх заклікаў маліцца таксама за Папу Францішка, Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI, біскупаў і святароў, і падзякаваў за малітоўную падтрымку іх служэння, асабліва руху «Маргарытка».
Нагадваючы аб тым, як на Апошняй Вячэры Езус абмыў вучням ногі, біскуп падкрэсліў: «Праз гэты жэст Хрыстус хацеў даць нам зразумець, што сутнасцю нашага жыцця павінна быць любоў і пакора. Без любові мы не зразумеем ні таямніцы Эўхарыстыі, ні таямніцы святарства. Без любові не зразумеем ні жонку, ні мужа, ні дзяцей, ні бацькоў. Без Хрыста не зразумеем, які можна прабачыць тэрарыстам».
Тлумачачы, чаму Езус абмыў апосталам менавіта ногі, а не рукі, іерарх сказаў: «Здаецца, таму, што нагамі мы ходзім па зямлі і яны найбольш звязаны з тым, што зямное, а там найбольш грахоўных “бактэрый”. Таму трэба спавядацца з чыстага сэрца, кажучы пра свае грахі». «Сёння мы дзякуем Хрысту за Яго бясконцую любоў, а адначасова самі рашаемся на высілак любові, — дадаў біскуп Юзаф Станеўскі. — Просім Духа Святога аб новым сэрцы, перапоўненым любоўю да Бога і людзей. Шкадуем за свае грахі і за эгаізм, якія адхілілі нас ад радаснага служэння Богу і братам. Здзяйсняем учынак любові ў нашых сем’ях, на працы, у парафіяльнай супольнасці».
Падчас Імшы былі асвечаны новыя келіх і пушка, ахвяраваныя сям'ёй Містэцкіх для ўсёй парафіяльнай супольнасці. А абраз святога Яна Паўла ІІ, падораны парафіянкай Ірэнай Бярнацкай, будзе нагадваць прыклад і навучанне сучаснага святога.
(AG)
|