У Вялікую пятніцу, 25 сакавіка, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прайшла літургія Мукі Пана. У гэты дзень не цэлебруецца святая Імша. У цэнтры літургіі Мукі Пана знаходзіцца Крыж Хрыста, які ўдзельнікі адаруюць і ўшаноўваюць, цалуючы.
Вялікая пятніца, з аднаго боку, дзень вельмі сумны, бо гэта дзень смерці Пана Езуса Хрыста. Аднак хрысціяне разумеюць гэты дзень з надзеяй, а надзея нараджае ў сэрцы чалавека радасць, і тады няма месца для смутку.
Літургія Мукі Пана складаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі крыжа і святой Камуніі. Узначаліў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. 
У літургіі ўдзельнічалі духавенства, семінарысты, кансэкраваныя асобы, шматлікія гродзенскія вернікі, сабраўшыся ў гэты вечар ля дрэва Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што крыж Хрыста — для чалавека знак надзеі, якая нясе вечнае жыццё, і знак збаўлення.
«Хрыстус з крыжа гаворыць нам, што кожнае цярпенне дапушчана Богам. Пан Бог пасылае яго на чалавека для таго, каб чалавек зразумеў сэнс і мэту свайго жыцця. Толькі ў святле і праз прызму Хрыстовага крыжа мы можам зразумець нашы жыццёвыя крыжы», — сказаў святар.

«Хрыстус узяў на сябе цярпенне і смерць, каб аб’явіць нам любоў Бога, каб вызваліць нас ад граху і смерці вечнай і паказаць нам шлях, які вядзе да паўнаты жыцця, — падкрэсліў кс. Юрый Марціновіч. — Хрыстус памёр з любові, а хто памірае з любові, той ніколі не страчвае свайго жыцця».
«Таму крыж Езуса стаў нібы мостам, які злучае неба з зямлёй, — дадаў святар. — Злучае дзеі гісторыі чалавецтва ад самага пачатку да канца. Езус Хрыстус, Бог, які з любові да нас стаў Чалавекам крыжа, адчыніў нам дзверы ў такі свет, для якога варта жыць не толькі на зямлі, але і на вякі».

Падчас літургіі Мукі Пана да алтара быў прынесены крыж, які знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ў Вялікую пятніцу. Біскуп Аляксандр Кашкевіч паступова адкрываў дрэва крыжа ад фіялетавай тканіны, затым yдзельнікi літургіі мелi магчымасць ушанаваць крыж, падыйшоўшы да яго.
Літургія Мукі Пана завяршылася перанясеннем Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцу, якая называецца Божым Гробам, дзе вернікі будуць адараваць яго да пачатку пасхальнай вігіліі.
Перад літургіяй прайшоў Крыжовы шлях, які па традыцыі ў Вялікую пятніцу праводзілі святары, што служаць у катэдральным касцёлe. Гэтае велікапоснае набажэнства было своеасаблівымі ўводзінамі ў літургію Вялікай пятніцы.

(AG) Фота Яўгена Абрамава
|