Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у велікодную раніцу: «Дзякуючы ўваскрасенню Хрыста смерць становіцца брамамі да жыцця»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.03.2016 09:04

У велікодную раніцу радаснае «Аллелюя» ў чарговы раз загучала на вуліцах горада Гродна. 27 сакавіка з самага ранку вернікі выйшлі на вуліцы свайго горада, каб засведчыць сваю веру і абвясціць усяму свету, што «Хрыстус уваскрос — сапраўды ўваскрос».

Урачыстасць Уваскрасення Пана — добрая нагода для многіх вернікаў аднавіць сваю сувязь з Езусам і Касцёлам. У гэты дзень практычна ніхто не застаецца абыякавым, людзі жадаюць споўніць хрысціянскі абавязак, каб ушанаваць святы дзень і наблізіцца да эўхарыстычнага стала, прыняць Цела Хрыста, задатак вечнага жыцця.

Велікодныя святы нясуць сапраўдную радасць, і яна заўважалася на тварах вернікаў асабліва падчас рэзурэкцыйнай працэсіі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пасля працэсіі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылася святая Імша пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Кашкевіча.

«Уваскрасенне Хрыста азначае, што смерць ужо не мае ўлады»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы, біскуп сказаў: «Уваскрасенне Хрыста азначае, што Ён жыве, што смерць ужо не мае ўлады ні над Ім, ні над якімсьці іншым чалавекам. Перамога паглынула смерць, апошняе слова належыць ужо не смерці, а жыццю».

Гродзенскі ардынарый звярнуў увагу, што, каб добра зразумець радаснае пасланне Пасхальнай таямніцы, «трэба памятаць, што ўваскрасенне Хрыста — гэта не проста вяртанне да жыцця».

«Асобы, уваскрэшаныя Езусам, такія, як Лазар, дачка Яіра, сын удавы з Наін, вярнуліся да жыцця, але далей рухаліся да смерці. Уваскрасенне Хрыста — гэта не вяртанне, але Пасха, ці пераход праз смерць да паўнаты новага жыцця — жыцця, якое не мае канца», — патлумачыў біскуп.



«Дзякуючы ўваскрасенню Хрыста смерць не знікае, але губляе сваю моц, бо становіцца брамамі, якія вядуць да жыцця, — дадаў іерарх. — Пасля ўваскрасення грабніца Хрыста не знікла, але засталася пустая, як знак, як запрашэнне, каб мы туды ўвайшлі, убачылі адкінутыя палотны і паверылі, што Хрыстус жыве. Хрыстус Уваскрослы не пазбыўся знакаў укрыжавання на сваім целе, у размовах з вучнямі не пазбягаў тэмы сваёй мукі і смерці, не казаў ім: “Забудзьце аб тым, што бачылі ў Вялікую пятніцу на Галгоце, бо гэта ўжо не важна”. Наадварот: Ён падкрэсліваў, што павінна было споўніцца ўсё, што Месія павінен быў цярпець, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць».

«Пасля ўваскрасення Хрыста змянілася ўсё»

«Пасля ўваскрасення Хрыста, здавалася б, нічога не змянілася, але на самой справе змянілася ўсё, — адзначыў біскуп. — З нашага жыцця не зніклі цярпенні, праца, хваробы, смерць, але ў святле Уваскрасення мы разумеем іх значэнне. Наша жыццё застаецца пазначана крыжам, але для нас, якія вераць ва ўваскрасенне, крыж з’яўляецца не праклёнам, паражэннем або бессэнсоўнасцю, а шляхам, які вядзе да жыцця, знакам надзеі, сімвалам перамогі».



Біскуп звярнуў увагу таксама на словы святога Паўла, якія гучалі ў гэтай літургіі: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях […] пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (Кал 3, 1-2).

«Гэтыя словы не з’яўляюцца заклікам адкінуць нашу зямную, штодзённую рэчаіснасць, працу і абавязкі, праблемы і клопаты; не з’яўляюцца заахвочваннем лунаць у воблаках і ўцякаць ад суровай прозы жыцця, якое часта нясе з сабой цярпенні, смутак, паражэнні, расчараванні. Уваскрасенне Хрыста — гэта не рэцэпт шчасця ці спосаб абмінуць крыж», — сказаў іерарх.

«Няхай заззяе праўда аб Богу, багатым на міласэрнасць»

Па словах біскупа, «шукаць таго, што ў вышынях» — значыць «памятаць пра мэту нашага жыцця і верыць, што да гэтай мэты ідзе дарога крыжа». «Калі мы гэта адкрыем, тады знойдзем радасць, надзею і сэнс нават у найбольш цяжкіх і балесных жыццёвых выпрабаваннях», — падкрэсліў гродзенскі ардынарый.

У радасны час світанку Уваскрасення Пана біскуп Аляксандр Кашкевіч запэўніў у сваёй блізкасці і малітве ўсіх вернікаў дыяцэзіі, а асабліва хворых, церпячых, людзей старэйшага ўзросту і ўсіх, хто, прыціснутыя крыжам штодзённасці, церпяць разам з Хрыстом.

На заканчэнне супольнага святкавання велікоднай раніцы біскуп пажадаў дыяцэзіянам, каб велікодныя святы былі благаслаўлёным часам для кожнага.

«Няхай у Пасхальнай таямніцы Хрыста новым бляскам заззяе праўда аб Богу, багатым на міласэрнасць», — сказаў іерарх, а таксама пажадаў, каб «гэтая праўда веры напоўнілa сэрцы радасцю, даверам, супакоем і мужнасцю». 

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.