26 сакавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую літургію Пасхальнай вігіліі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У літургіі прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы i Евангелічна-лютэранскай супольнасці. Праваслаўную Царкву прэзентаваў прадстаўнік епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі ў Гродне, a Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне — пастар Уладзімір Татарнікаў. 
Гэтая літургія з’яўляецца кульмінацыяй цэлебрацыі Пасхальнага Трыдууму. Гэтая найстарэйшая і першапачаткова адзіная пасхальная цэлебрацыя. Урачыстасць Вялікадня нарадзілася як начная літургія, а Пасхальную вігілію называюць «маці ўсіх вігілій».
Літургію Пасхальнай вігіліі належыць рыхтаваць і праводзіць асабліва старанна, з увагай да знакаў, каб яна здзяйснялася годна і прыгожа.

Літургія складалася з чатырох частак: літургіі святла, літургіі слова, літургіі хросту і эўхарыстычнай літургіі. Падчас гэтай літургіі ў святыні зноў прагучала радаснае «Аллелюя».
Літургія Пасхальнай вігіліі абвясціла ўсяму свету радасць Уваскрасення Хрыста і нагадала ўсім, што жыццё чалавека-хрысціяніна павінна быць пастаянным сведчаннем аб прысутнасці Уваскрослага Езуса.

Хрыстус уваскрос – сапраўды ўваскрос!
Кс. Юрый Марціновіч
|