Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Уваскрасенне дае матыў для жыцця і надзеі»: раніца нядзелі Уваскрасення Пана ў Лідзе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.03.2016 18:02

А шостай гадзіне раніцы перазвон званоў лідскага фарнага касцёла абвясціў на ўсе ваколіцы радасную навіну аб Уваскрасенні Езуса Хрыста. Вялікая колькасць вернікаў, не зважаючы на ранні час, прыняла ўдзел у працэсіі і рэзурэкцыйнай святой Імшы.

Урачыстасць Уваскрасення Пана — галоўная падзея літургічнага года і цэнтральная ў жыцці кожнага хрысціяніна.

«Хрыстус уваскрос!» — радаснае прывітанне, якое рэхам разносіцца ад сэрца да сэрца. Свята Уваскрасення — свята надзеі, свята перамогі.

«Радуймася ж сёння радасцю новага жыцця, якое нам прадказаў Хрыстус сваім уваскрасеннем! Шукайма таго, што ў вышынях, памятаючы пра абяцаную нам перспектыву вечнага жыцця!» — заахвочваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі вернікаў падчас святой Імшы.



Як сказаў біскуп у гаміліі, можа паўстаць пытанне: для чаго Касцёл надае такую ўвагу і прыгадвае кожны год падзею Уваскрасення Хрыста?

«Таму што Касцёл прагне нас умацаваць у перакананні, што праўда аб Уваскрасенні не нарадзілася з жаданняў, са сведчання падкупленай варты або з чутак і пагалосак паміж лёгкавернымі людзьмі. Уваскрасенне Хрыста — факт гістарычны, крыніца якога — сведчанне самога Езуса; Ён сам — пасля смерці — шматразова паўставаў перад вучнямі, каб умацаваць іх веру, — адзначыў іерарх. — Вера гэтых сведкаў аказалася з часам такой моцнай, што ані пераслед, ані пагроза смерці не стрымалі іх ад абвяшчэння свету навукі аб уваскрасенні».



Біскуп прапанаваў вернікам спытацца ў саміх сябе: «Ці даю я сведчанне ў маім штодзённым жыцці аб Хрысце Уваскрослым? Ці засноўваецца гэтае сведчанне на глыбокай веры, надзеі і любові?»

Па словах іерарха, Уваскрасенне дае матыў для жыцця і надзеі: «што праўда і дабро канчаткова перамогуць, што праўду і дабро нельга да канца знішчыць, укрыжаваць».

«Смерць Хрыста замест таго, каб усё скончыць, усё пачала, — падкрэсліў біскуп. — Хрыстус паўстаў з гробу першым, а гэта азначае, што ў свой час і мы ўваскрэснем».

«Уваскрасенне Хрыста — цэнтр нашай веры — з’яўляецца для нас заклікам да новага, іншага жыцця тут, на зямлі», — дадаў іерарх.



Біскуп заахвоціў вернікаў цешыцца гэтай «радасцю новага жыцця, якое нам прадказаў Хрыстус сваім уваскрасеннем», жыць паводле навукі Евангелля, шукаць «таго, што ў вышынях, усведамляючы перспектыву вечнага жыцця, якая чакае нас».

«Няхай Хрыстус Уваскрослы заўсёды будзе прысутны ў нашым жыцці — у малітве, працы, абавязках, якія прымаем для развіцця нас саміх, узрастання нашых сем’яў, Касцёла і грамадства, — пажадаў біскуп Юзаф Станеўскі. — Няхай Уваскрослы Хрыстус удзеліць нам сваё шчодрае благаслаўленне».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.