Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч кансэкраваў касцёл Божай Міласэрнасці ў Астрыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.04.2016 11:48

3 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў кансэкрацыю парафіяльнай святыні Божай Міласэрнасці ў Астрыне (Шчучынскі дэканат).

Касцёл быў пабудаваны ў 1996 г., тады ж быў асвечаны і стаў месцам малітвы вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці. Праз 20 гадоў адбыўся яшчэ адзін этап — кансэкрацыя, якая з’яўляецца дапаўненнем асвячэння.

Урачыстая падзея сабрала шмат парафіян і гасцей. Як адзначалі самі вернікі, гэты момант для супольнасці з’яўляецца вельмі гістарычным. Таму да яго яны рыхтаваліся на працягу доўгага часу, каб яго свядома і годна перажыць.

Каштоўная рэліквія касцёла

У цэнтральным месцы святыні знаходзіцца вялікі крыж, які сёння можна назваць рэліквіяй, што засталася ад разбуранай Вітальдавай фары ў Гродне. Гэты касцёл быў варварскім чынам знішчаны ў ноч 29 лістапада 1961 г. па рашэнні камуністычных уладаў. З касцёла ўдалося вынесці крыж, і ён быў захаваны.

Урачыстую святую Імшу, падчас якой адбылася кансэкрацыя, узначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які дзякаваў Богу за ласкі, атрыманыя ў гэтай святыні, і прасіў аб шчодрых дарах для ўсёй парафіяльнай супольнасці і дабрадзеяў парафіі.

Іерарх адзначыў, што паўстанне гэтага касцёла 20 гадоў таму стала магчымым дзякуючы веры парафіян, якія ўзялі на сябе гэтую адказную задачу. Біскуп выказаў надзею, што з узвядзеннем касцёла расла і вера парафіян, бо менавіта гэта з’яўляецца мэтай будавання і аздаблення святынь.

Гродзенскі ардынарый дадаў, што гэтая ўрачыстасць праходзіць у той час, калі Касцёл асаблівым чынам успамінае св. Яна Паўла ІІ у 11-ю гадавіну яго адыходу ў дом Пана. Таму іерарх заахвоціў у розных патрэбах душы і цела звяртацца да гэтага святога, які вельмі часта казаў свету пра Бога, багатага міласэрнасцю.

У кантэксце Юбілейнага Года Міласэрнасці біскуп заклікаў вернікаў «адкрыцца на іншага чалавека, якому вельмі часта патрэбна наша дапамога, патрэбна тое, каб мы былі да іншых міласэрнымі, як міласэрны Бог Айцец».

Падчас абраду кансэкрацыі мелі месца шмат сімвалаў з глыбокім значэннем. На пачатку біскуп асвяціў ваду, сцены касцёла, алтар і вернікаў. Гэты акт нагадваў пра хрост, які чыніць з чалавека святыню Духа Святога. Пасля літургіі слова адбылося намашчэнне алеем алтара і сцен касцёла ў чатырох месцах.

Алтар быў намашчаны, каб служыў для здзяйснення Найсвяцейшай Ахвяры. Намашчэнне сцен азначае, што святыня павінна быць аддадзена толькі Богу і служыць Яму як Яго дом. Варта адзначыць, што падчас бачнага намашчэння алеем здзяйсняецца нябачнае намашчэнне Духам Святым.

Будаваць будучыню на Хрысце

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Зянон Рамейка падзякаваў усім за будаўніцтва і ўпрыгожванне гэтай святыні, падзякаваў сваім папярэднікам кс. Тадэвушу Крыштопіку за адвагу распачацця будаўніцтва і кс. Станіславу Росеку, які разам з парафіянамі ўзводзіў сцены касцёла. Святар выказаў удзячнасць таксама ўсім дабрачынцам і членам парафіяльнай супольнасці.

«Давяраючы Божай міласэрнасці, будзем прыходзіць у гэты касцёл, які быў кансэкраваны, ададзены ва ўласнасць Пану Богу. Гэтая святыня — такое месца, дзе мы можам спазнаць любоў і міласэрнасць Пана Бога, як і Яго дзеянне ў святых сакрамэнтах», — сказаў пробашч.

Святар дадаў, што кансэкрацыя — добрая нагода, каб вернікі яшчэ больш набліжаліся да Бога, багатага міласэрнасцю. «На Хрысце мы хочам будаваць нашу будучыню, будучыню нашых сем’яў, нашай парафіяльнай супольнасці», — адзначыў кс. Зянон Рамейка.

Невялікая, але надзвычай жывая, з глыбокім малітоўным жыццём, парафіяльная супольнасць у Астрыне пасля кансэкрацыі сваёй святыні жадае ўзрастаць далей у веры пад кіраўніцтвам свайго душпастыра. Яму вернікі таксама выказалі ўдзячнасць за яго адданасць і клопат аб кожным парафіяніне.

Вернікі парафіі жадаюць збірацца ў святыні, каб слухаць Божае слова, праслаўляць Бога і звяртацца да Яго з малітвамі просьбы, а найперш удзельнічаць у сакрамэнтальным жыцці Касцёла. Сама ж кансэкрацыя стала своеасаблівай пячаткай, што гэтае месца Бог выбраў асаблівым чынам як месца сустрэчы, прабачэння, месца, дзе неба сустракаецца з зямлёй.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)
Фота Марыны Павайба

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.