У чарговы раз у нядзелю Божай Міласэрнасці дзеці і моладзь геранёнскай парафіі Св. Мікалая падрыхтавалі пастаноўку, каб падзяліцца дабрынёй і міласэрнасцю Бога. У гэты раз яны прадставілі гледачам сучасную пастаноўку «Калі мы Цябе бачылі, Пане».
Пра змест пастаноўкі рапавядае Анастасія Мішкура:
«Увага скіроўваецца да гарадскога шумнага жыцця, дзе зусім непрыкметна, абапершыся аб сцяну, сядзіць абадранец, якога абыходзілі здалёк. Разам з жабраком стаіць Езус, якога таксама ніхто з людзей не заўважае.
На шчасце, сярод гарадскога натоўпу з’яўляюцца людзі са шчырым сэрцам, гатовыя дапамагчы нават і такому, як жабрак. Гаспадыня крамы з сувенірамі загадала свайму памочніку прыкрыць жабрака, каб не замерз, дзяўчынка з хоспіса выцерла старому твар, а адна жанчына хацела накарміць галоднага, падараваўшы яму бутэрброд.
Час мінаў. Сабака, які выбег з бакавой вулачкі, вырваў хлеб з рукі валацугі. Здавалася, што цвікі ўбіваюцца ў цела старога. Балелі ўсе раны на целе і на душы, успомніліся грахі ўсяго жыцця.
Паміраючы, абадранец убачыў Езуса, з боку якога выходзілі промні міласэрнасці. Хрыстус запрашае жабрака ў рай, але той, просячы прабачэння за грахі, лічыць, што не годны трапіць туды. Міласэрны Езус пераконвае старога словамі: “Апошнія на зямлі будуць першымі ў Божым Валадарстве”». (AG)
|