3 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у парафію Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вярэйках урачыста ўнеслі рэліквіі святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Рэліквіі прыбылі з санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (Польшча).
З дазволу генеральнай сястры яны застануцца ў парафіі ў Вярэйках, дзе актыўна развіваецца рух Божай Міласэрнасці.
Як заўважыў пробашч парафіі ксёндз Валерый Лісоўскі, вернікі набылі яшчэ адну заступніцу. Падчас набажэнстваў, што будуць адпраўляцца ў Гадзіну міласэрнасці, кожны, хто знаходзіцца ў стане ласкі, зможа атрымаць адпуст. «Раю вам з ёю пасябраваць», – заахвоціў вернікаў пробашч, кажучы пра святую Фаўстыну. 
Пасля працэсіі адбылася святая Імша, якую разам з пробашчам цэлебраваў ксёндз Павел Астукевіч. У гаміліі святар зачытаў фрагменты з «Дзённіка» святой Фаўстыны, нагадаў прысутным яе жыццё і дзейнасць і звярнуў увагу на тое, што ў свеце, напэўна, няма касцёла, які б не чуў пра культ Божай Міласэрнасці і сястру Фаўстыну. Таму, па словах святара, вернікі атрымліваюць вялікі гонар маліцца да яе, ушаноўваючы рэліквіі, у сваёй парафіі.
Напрыканцы ўрачыстасці прысутныя засведчылі сваю пашану вялікай містычцы праз цалаванне рэліквій. Перад абразом сястры Фаўстыны гучалі малітвы падзякі за ласкі, атрыманыя ў Год Міласэрнасці.
Паводле grodnensis.by
(AG)
Фота grodnensis.by
|