Сталоўка для бедных у сясцёр назарэтанак у Гродне — не толькі смачны суп, але і сустрэча з лагодаю і пашанаю |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
06.04.2016 22:01 |
У сясцёр назарэтанак у Гродне на працягу амаль 20 гадоў дзейнічае сталоўка для бедных. Гарачы суп, усмешка і людская спагада — гэта тое, за чым прыходзяць сюды тыя, каго ў гэтым жыцці напаткалі цяжкія часы. За некалькі крокаў ад курыі Гродзенскай дыяцэзіі знаходзіцца дом сясцёр назарэтанак. На чорных металічных брамах вісіць аб’ява, што нежыхарам кляштара ўваход забаронены, аднак у час прыкладна з 11 да 13 гадзін сюды падыходзяць людзі, якія трошкі неахайна апрануты і па якіх можна заўважыць, што жыццё гэтых гасцей каго крыху, а каго і добра пагладзіла супроць шэрсці… У дворыку адна з сясцёр законных, выконваючы працу садоўніка-знаўцы, вострыць не на жарт вялікія нажніцы, якімі праз колькі хвілін пачне прыводзіць да культурнай формы кустоўе туі. Вось па яе просьбе два мужчыны-госці нясуць ялінку ў гаршку, праз некаторы час дрэўца будзе высаджана ў зямлю. Ідзе вясна — ідзе праца на вуліцы. Госці, большасць з якіх мужчыны, прыходзяць у дворык з заплечнікамі ці сумкамі, з якімі на працягу дня ходзяць па горадзе або ў час палявых работ, якія ўжо пачынаюцца з красавіка, а скончваюцца дзесьці ў лістападзе, выязджаюць на дзённую працу ў бліжэйшыя гаспадаркі. У гэтых гаспадарках гэтыя мужчыны і жанчыны, якія ўзімку часцей не працуюць, вясной-восенню могуць штодня зарабіць невялікія грошы: то за збіранне камянёў, то за збіранне бульбы, морквы ці яблыкаў… Гасцей, якім уваход не забаронены ў абедзенны час, становіцца ўжо больш.
Зусім хутка будзе абед.
«Кожны дзень у нас розны суп, — кажа сястра Вікторыя Коршун CSFN, пераносячы посуд у пакоі кухні, дзе гатовыя дзве вялікія каструлі з «бабуліным супам». Менавіта такую назву сястра Вікторыя дала гэтаму супу з бульбы, мяса, морквы і з дадаткам сечкі. Нашы журналісты таксама паспрабавалі гэты суп — выдатна да апошняй лыжкі.
Яшчэ адна манахіня, занятая на кухні — сястра Марыя Блашчык CSFN. Яна адзначае, што прадукты, якія становяцца складнікамі супу: бульбу, моркву, капусту і інш. — прыносяць людзі добрай волі, найбольш увосень, пасля таго, як збяруць ураджай са сваіх агародаў. У сясцёр назарэтанак часамі з’яўляюцца памочнікі — валанцёры альбо навучэнцы духоўнай семінарыі, якая знаходзіцца таксама недалёка ад кляштара. «У вызначаны дзень раз на тыдзень семінарысты прыбягаюць сюды, каб дапамагаць», — кажа сястра Вікторыя, дадаючы, што з хлопцамі гэтыя госці адчуваюць сябе вальней, і запытацца могуць штосьці больш, і паразмаўляць, і пажартаваць. Сёстры звычайна гатуюць дзве каструлі супу на раз, яны вялікія і іх у залу для абеду, якая знаходзіцца побач з кухняй, заносяць самі мужчыны. Некаторыя з іх бяруць суп з сабою, каб заставалася на вячэру. У сясцёр назарэтанак усё строга: павінен быць парадак «Дзень добры!» — кажа адзін мужчына, уваходзячы ў калідорчык, які вядзе да сталоўкі. Сястра Вікторыя з ім вітаецца, кажа: «А вы сёння не п’яны выпадкова?» «Не», — адказвае ён. «Тады праходзьце, калі ласка!» П’яных сёстры не кормяць. У выхаваўчых мэтах. Дык, як кажуць манахіні, многія, калі вып’юць, саромяцца прыходзіць. «Мы адчуваем павагу з іх боку, — кажа сястра Вікторыя, дадаючы: — І ў нас не было такіх сітуацый, каб яны парушалі парадак». «Гэта нашыя сёстры!» Як дзеліцца з усмешкай сястра Марыя, калі яны ідуць па вуліцы Гродна, то з імі вітаюцца ўсе тыя, хто прыходзіць за супам. «Гэта нашыя сёстры!» — усклікаюць яны ўслед манахіням, калі тыя садзяцца ў аўтобус на прыпынку, ідуць вуліцай ці пры выпадковай сустрэчы. Сястра Вікторыя прыйшла ў кляштар пасля таго, як скончыла вучыцца на настаўніцу беларускай і рускай моў і літаратур у Мінскім педагагічным універсітэце імя М. Танка. Перад тым, як пачаць гатаваць абеды для бедных, сястра катэхізавала дзяцей і моладзь у парафіі, пякла аплаткі ў навагрудскай аплаткарні і выконвала звычайныя манаскія абавязкі, аднак пра сваю сённяшнюю працу кажа так: «Гэта праца вельмі важная і прыносіць мне найбольш радасці, бо я бачу вынік адразу, я бачу, што гэтая дапамога жыццёва патрэбная гэтым людзям».
Распавядаючы пра абеды, пра свой распарадак дня, пра лёсы гэтых людзей, кожнага з якіх яна ведае па імені, сястра кажа: «А называць іх па імені вельмі важна, звяртацца да іх, зазіраць у вочы, прыслухоўвацца да таго, што гавораць. Сюды яны прыходзяць не толькі за супам, але і за добрым словам і позіркам, а не за папрокам і пагардай, якімі часта акружаны». «Дзякую», «Спасибо, сестра!», «Dziękuję!» — гучыць у дзвярах. «На здароўе! — адказвае сястра, — Зараз я Вам дапамагу». Манахіня падхопліваецца і дапамагае выйсці чалавеку, які прыйшоў за супам на мыліцах. Сёстры, якія працуюць у кухні, ведаюць не толькі імёны гэтых людзей, іх хваробы, але і іх лёсы. А лёсы розныя... Некаторыя з іх перажылі Афганістан і не могуць зноў проста жыць. Кагосьці загубіў алкаголь. У некаторых з іх ёсць вышэйшая адукацыя, а ў аднаго мужчыны нават тры вышэйшыя: эканамічная, архітэктурная і псіхалагічная. Кагосьці не прымаюць дзеці. Хтосьці нядаўна вярнуўся з месца пазбаўлення волі і толькі спрабуе распачаць новы шлях, знайсці працу. Сястра Марыя кажа, што тыя, хто выходзіць з месца пазбаўлення волі, часцей за ўсё досыць хутка знаходзяць працу і потым ужо не прыходзяць на абеды. «Аднак, каб прыходзіць сюды і абедаць, трэба мець абанемент і даведку з Цэнтра гігіены, дзе кожны павінен прайсці агляд і дэзінфекцыю», — дадае манахіня.
Абанемент выдаецца ў «Caritas», з якім супрацоўнічаюць сёстры назарэтанкі і які таксама аказвае гуманітарную дапамогу. Часам сёстры дапамагаюць адзеннем, якое прыносяць вернікі, або пакідаюць яго каля пабрыгіцкага касцёла, а тыя, хто мае ў ім патрэбу, могуць прыйсці і забраць. Кожны абед сёстры пачынаюць з кароткай малітвы, хтосьці з прысутных моліцца таксама, аднак нікога да малітвы не змушаюць, бо сярод прысутных ёсць не толькі хрысціяне, але і, напрыклад, мусульмане. На Божае Нараджэнне і Вялікдзень для бедных людзей рыхтуецца святочны абед, які складаецца не толькі з супу, але і з другога і пачастунку. «На велікодны абед у гэтым годзе да нас прыйшло каля 80 чалавек, хоць звычайна прыходзіць каля 50-60», — кажа сястра Марыя. Найбольшая ж колькасць людзей прыходзіць, зразумела, у зімовы перыяд. Гісторыя сталоўкі Пачыналася гэтая добрая справа амаль 20 гадоў таму. Сталовая для бедных у Гродне паўстала па ініцыятыве настаяцельніцы сястры Галіны Доленгі CSFN, а выканаўцай ініцыятывы стала сястра Фідэс Калька CSFN, якая прыехала ў Гродна 25 лістапада 1996 года. Калі яна прыехала ў кляштар, у Гродне было каля 15 бедных людзей. Часамі людзі стукалі, просячы ежу, нават уначы. Менавіта таму было вырашана адчыніць спецыяльную сталовую ў невялікім памяшканні, якое знаходзіцца каля пабрыгіцкага касцёла. На сцяне памяшкання быў размешчаны лісток з малітвай «Ойча наш» на рускай мове, таму што большасць людзей была рускамоўная і толькі крыху разумела па-польску. З цягам часу на сцяне з’явіўся спіс людзей, якія адышлі: памерлі, загінулі. Разам з бяздомнымі сёстры маліліся за гэтых людзей. У гэтай сталовай дапамагала каля 20 дзяўчат з малітоўнай групы пабрыгіцкага касцёла. Для іх сястра Фідэс штомесяц арганізоўвала дзень засяроджання. Разам з гэтымі дзяўчатамі кожную сераду яна хадзіла да бедных людзей. Аказвалася, што многія з іх былі бяздомнымі, сярод іх былі і жанчыны, і дзеці. Часамі прыходзілі маладзейшыя людзі, ці т.зв. «удзельнікі Чарнобыля». Некаторыя з іх, перад тым, як адчыніцца сталоўка, заходзілі ў пабрыгіцкі касцёл і маліліся. Сястра Фідэс, якая ўжо пакінула Беларусь, прыгадвала, што сярод іх былі не толькі католікі, але і праваслаўныя. З кожным годам у сталоўку стала прыходзіць усё больш патрабуючых (а зімою прыходзіць больш за 100 чалавек). Два гады таму было вырашана перанесці сталовую ў большы будынак на тэрыторыі каля кляштара. Сталоўку для бедных, якой апякуюцца сёстры назарэтанкі, асаблівым чынам падтрымлівае біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, бо гэта вельмі важная і патрэбная справа. Сёння гэтая справа працягваецца, а ў дворыку, дзе на металічных прутах плота вісіць аб’ява, што нежыхарам кляштара ўваход забаронены, у час, калі сонца ў небе высока, сядзяць на лавачцы і размаўляюць пра сваё жыццё, свае планы, свае справы крыху неахайныя госці, якіх за гэтым плотам лічуць найперш людзьмі, а не «страчанымі», і галоднымі за брамы не выправяць… Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |