«Хрысціянская радасць – дар і адначасова заданне»: другі дзень XXIII Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
09.05.2016 10:55 |
Галоўнай крыніцай хрысціянскай радасці з’яўляюцца вера, надзея і любоў. За гэтыя дары дзякаввалі Богу ўдзельнікі ХХІІІ Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ў Мастах у другі дзень сустрэчы, 8 мая. Другі дзень мерапрыемства з удзелам амаль 1500 маладых людзей з розных месцаў Гродзенсай дыяцэзіі, а таксама прадстаўнікоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, меў насычаную праграму. Пасля абеду ва ўдзельнікаў ДДМ быў час, напоўнены радасцю. Моладзь мела магчымасць усвядоміць тое, што сапраўдная радасць не з’яўляецца пераменлівым станам духу або чымсьці тым, што дасягаецца ў выніку асаблівага высілку, а нараджаецца з сустрэчы з жывой асобай Езуса. Сапраўдную радасць сэрца маладыя людзі маглі адшукаць падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Многія прыступілі да сакрамэнту пакаяння. Для многіх удзельнікаў гэтая споведзь была сапраўднай сустрэчай з Айцом, які прыносіць у сэрца чалавека радасць і дае сваю міласэрнасць, а напрыканцы скіроўвае да кожнага словы: «Я цябе не асуджаю, ідзі і ўжо больш не грашы». Разважаючы падчас сустрэчы над учынкамі міласэрнасці, моладзь мела магчымасць усвядоміць, што ўсмешка можа быць самым маленькім дарам, які можна даць іншаму чалавеку. Да ўдзельнікаў даносілася думка, што, нават калі мы нічога не маем і не можам працягнуць руку дапамогі, то заўсёды можам асвятліць сцежкі чалавечага жыцця ўсмешкай. Хто ўсміхаецца, глядзіць на бліжняга вачыма Хрыста; усмешка – промень святла, якое ліецца з твару Бога, знак, што мы лічым чалавека, які ідзе побач з намі, братам – такая ідэя прапаноўвалася сабранай моладзі. Нехта калісьці сказаў, што ўсмешка, падораная брату на зямлі, – гэта ўсмешка для Пана ў небе. Хочацца пажадаць, каб наша моладзь несла ўсмешку людзям, адорвала ёю іншых, сапраўды «расплывалася» ва ўсмешцы, бо ўсмешка найбольш праўдзівая, калі адначасова ўсіхаюцца вочы і сэрца. |
Фотарэпартаж |