Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мы павінны быць сведкамі міласэрнага Хрыста»: закрыццё Святых Дзвярэй прайшло ў гродзенскай катэдры
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.11.2016 17:00

13 лістапада ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя была цэлебравана ўрачыстая св. Імша з нагоды заканчэння Года Міласэрнасці. Разам з тым прайшло закрыццё Святых Дзвярэй, якія на працягу Юбілейнага Года з’яўляліся Брамамі Міласэрнасці, праходзячы праз якія, можна было атрымаць адпуст.

 

Як паведамляе grodnensis.by, літургію ўзначаліў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх разважаў над бязмежнай міласцю Усемагутнага:

«Падчас перажывання Юбілейнага Года мы мелі магчымасць сустрэць міласэрнага Айца, які заўсёды гатовы дараваць новым і нечаканым для нас спосабам і ніколі не стамляецца рабіць гэта для тых, хто прыходзіць да Яго ў пакоры сэрца», — адзначыў біскуп.

Ардынарый таксама заклікаў сабраных практыкаваць міласэрнасць у сваім штодзённым жыцці:

«Умацаваныя ў веры у Божую міласэрнасць падчас заканчэння Юбілею, мы павінны прайсці праз жыццё як верныя сведкі Хрыста, памятаючы пра тое, што наша стаўленне да бліжніх, асабліва да тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе, з’яўляецца найлепшым іспытам глыбіні нашай веры і шчырасці любові да Бога».

На заканчэнне св. Імшы іерарх асвяціў памятны знак Года Міласэрнасці, які быў загадзя ўмураваны ў сцяну святыні.

Завяршэнне Юбілейнага Года ў Каталіцкім Касцёле і закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбудзецца 20 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету.

Паводле Ангеліны Марцішэўскай, фота Вольгі Сяліцкайgrodnensis.by


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.