«Мы павінны быць сведкамі міласэрнага Хрыста»: закрыццё Святых Дзвярэй прайшло ў гродзенскай катэдры |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
13.11.2016 17:00 |
13 лістапада ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя была цэлебравана ўрачыстая св. Імша з нагоды заканчэння Года Міласэрнасці. Разам з тым прайшло закрыццё Святых Дзвярэй, якія на працягу Юбілейнага Года з’яўляліся Брамамі Міласэрнасці, праходзячы праз якія, можна было атрымаць адпуст. ![]()
Як паведамляе grodnensis.by, літургію ўзначаліў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх разважаў над бязмежнай міласцю Усемагутнага: «Падчас перажывання Юбілейнага Года мы мелі магчымасць сустрэць міласэрнага Айца, які заўсёды гатовы дараваць новым і нечаканым для нас спосабам і ніколі не стамляецца рабіць гэта для тых, хто прыходзіць да Яго ў пакоры сэрца», — адзначыў біскуп.
Ардынарый таксама заклікаў сабраных практыкаваць міласэрнасць у сваім штодзённым жыцці: «Умацаваныя ў веры у Божую міласэрнасць падчас заканчэння Юбілею, мы павінны прайсці праз жыццё як верныя сведкі Хрыста, памятаючы пра тое, што наша стаўленне да бліжніх, асабліва да тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе, з’яўляецца найлепшым іспытам глыбіні нашай веры і шчырасці любові да Бога». На заканчэнне св. Імшы іерарх асвяціў памятны знак Года Міласэрнасці, які быў загадзя ўмураваны ў сцяну святыні.
Завяршэнне Юбілейнага Года ў Каталіцкім Касцёле і закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбудзецца 20 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету. |