Заклік біскупа Антонія Дзям'янкі да малітвы за Сінод Біскупаў, прысвечаны сужэнству і сям'і |
Іерархі
|
27.09.2014 13:53 |
«Каб Сінод Біскупаў мог да ўсіх данесці праўду аб сакральным і непарушным характары сям’і» (Папа Францішак)
Дарагія дыяцэзіяне! Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
На час Сіноду Біскупаў, прысвечанага сужэнству і сям'і, які будзе праходзіць у Рыме па волі Папы Францішка ў днях 5–19 кастрычніка 2014 г., заахвочваю ўсіх вас да малітоўнай лучнасці і падтрымкі тых, хто ўдзельнічае ў разважанні над важнымі справамі Касцёла ў гэтай галіне.
Падчас трывання Сіноду заахвочваю кожнага з вас узнесці да Пана Бога спецыяльную малітву, прапанаваную Папам Францішкам, каб разам са святарамі і ўсімі прысутнымі вернікамі падчас кожнай святой Імшы прасіць святла Духа Святога і заступніцтва Святой Сям'і для сабраных на Сінодзе Біскупаў.
Заахвочваю таксама тых, хто моліцца на брэвіярыі, каб у сваё штодзённае маленне ўключылі гэтую малітву. Заахвочваю катэхетаў, каб на пачатку заняткаў узносілі да Бога гэтую малітву разам з усімі сабранымі. Заахвочваю сем'і і паасобных вернікаў, каб уключалі гэты малітоўны заклік да Пана ў сваю штодзённую індывідуальную ранішнюю альбо вячэрнюю малітву. Заахвочваю хворых і церпячых ахвяраваць свае цярпенні ў інтэнцыях Сіноду. Дзякую пробашчам за распаўсюджванне друкаванага тэксту малітвы за Сінод сярод вернікаў у час разнастайных душпастырскіх сустрэч.
У малітоўнай лучнасці з усімі вернікамі
+ Антоні Дзям'янка Біскуп Пінскі
Пінск, 26 верасня 2014 г.
Гэты Заклік шаноўныя святары няхай прачытаюць у нядзелю 28 верасня альбо 5 кастрычніка 2014 г. на кожнай святой Імшы, а тэкст малітвы за Сінод размесцяць на прыкасцёльнай дошцы аб'яў да 26 кастрычніка 2014 г.
|