«Гэты Сінод паспрабуе паставіць дыягназ»: арцыбіскуп Кандрусевіч пра пачатак ІІІ надзвычайнай асамблеі Сінодy Біскупаў |
Іерархі |
04.10.2014 00:00 |
5 кастрычніка ў Ватыкане распачынаецца ІІІ надзвычайная асамблея Сінодy Біскупаў, якая будзе прысвечана душпастырскай апецы сем’яў у кантэксце новай евангелізацыі. Сярод удзельнікаў Сінодy будзе і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Для мяне гэта будзе восьмы Сінод Біскупаў, у якім я прыму ўдзел, — распавёў іерарх. — Праўда, я яшчэ не быў ні на адной надзвычайнай асамблеі (за ўсю гісторыю іх было толькі дзве). Скажу шчыра, я трохі нават баюся, бо тэма асамблеі вельмі няпростая і датычыць праблем сучаснай сям’і». Арцыбіскуп звярнуў увагу, што сёння ў грамадстве існуюць розныя думкі адносна сем’яў, якія знаходзяцца ў неўпарадкаваным статусе з пазіцыі Каталіцкага Касцёла. «Касцёл стараецца працягнуць руку дапамогі ім. Сёння многія прыходзяць да ідэі Божай міласэрнасці, якая, паводле св. Яна Паўла ІІ, з'яўляецца адзінай надзеяй свету. Аднак, у той жа час, існуе вучэнне Хрыста, якое ніхто і нішто не можа адмяніць ці змяніць. Таму паўстае пытанне, як узгадніць гэтыя дзве супраціўныя думкі. На гэтае пытанне павінен даць адказ Сінод Біскупаў, бо пытанне аб практычным дастасаванні гэтай дактрыны да сучаснасці застаецца адкрытым. Усё гэта гаворыць пра тое, што Сінод чакаецца вельмі няпростым». На думку арцыпастыра, сёлетні Сінод яшчэ не дасць нейкіх канкрэтных вынікаў: «Я мяркую, што правядзенне надзвычайнай асамблеі Сінодy Біскупаў — гэта спроба паставіць дыягназ думцы Касцёла на бягучы момант. Розныя напрамкі, розныя меркаванні — у гэтых пытаннях трэба прыйсці да адзінства. Мне падаецца, што гэты Сінод стане «падрыхтоўчым» этапам для правядзення Сінодy ў наступным годзе, тэмы якіх будуць супадаць». Ілья Лапато |