Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Адвэнт 2015 года
Іерархі
20.11.2015 14:32

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

У чарговы раз нам дадзена стаяць на парозе Адвэнту — вельмі важнага і прыгожага перыяду літургічнага года, які павінен нас падрыхтаваць духоўна да спаткання з Езусам Хрыстом у Таямніцы Яго Нараджэння. Перад намі чатыры тыдні радаснага чакання, трывалага чування, ачышчэння сэрцаў і абуджэння ў іх суму па Збаўцы, які, нібы ажыўляючая раса, сыходзіць з нябёсаў і, «прыняўшы постаць слугі» (Флп 2,7), аб’яўляецца нам як Эмануэль — Бог з намі.

Адвэнтавы настрой чакання і суму прыгадвае нам, што прыйсцю ў свет Хрыста Пана, якое змяніла бег гісторыі чалавецтва, папярэднічала доўгае чаканне Выбранага народу спаўнення Божых абяцанняў. Слухаючы Божае слова, якое абвяшчалася прарокамі, ізраэліты вучыліся чытаць гісторыю ўласнага народа як рэалізацыю збаўчага плану Пана Бога. Не толькі ў часы міру і дабрабыту, у радасці перамог і поспехаў, але і ў горычы паражэнняў і няўдач, у досведзе няволі і пакарэння Выбраны народ трывала і даверліва верыў у Бога добрага і міласэрнага, справядлівага і вернага ўласным абяцанням.

«Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я выканаю абяцанне […]. У тыя дні і ў той час Я ўзгадую для Давіда Парастак Справядлівасці», – чуем сёння ў першым чытанні прароцтва Ераміі (Ер 33, 14-15). У таямніцы Уцелаўлення Божага Сына запаведзі прарокаў знаходзяць сваё спаўненне. Езус Хрыстус у словах і ўчынках, а найперш праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне, аб’яўляе найглыбейшы сэнс Божай справядлівасці: «Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 17).

Перыяд Адвэнту — гэта не толькі ўспамін эпохі чакання прыйсця Сына Божага ў чалавечым целе. Адвэнт нагадвае нам таксама, што гісторыя свету і чалавецтва накіроўваецца да свайго завяршэння, да мэты, якой з’яўляецца канчатковае спатканне з Богам. Гэты напамін нам вельмі патрэбны, бо ў клопатах штодзённага жыцця, у руціне працы і хатніх абавязкаў гэтая мэта можа ў якісьці момант знікнуць з нашых вачэй. Перспектыва, што наша жыццё скончыцца і мы станем перад Панам, не павінна нас засмучаць, узбуджаць у сэрцы страх ці весці да роспачы. Калі Пан Езус вучыць аб сваім паўторным прыйсці, то кажа, між іншым, аб «трывозе народаў», аб людзях, якія «будуць млець са страху», i аб «моцах нябесных», якія пахіснуцца (Лк 21, 25-26), але адначасова заахвочвае нас, сваіх вучняў, да супакою і даверу: «Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае» (Лк 21, 28).

Можна, а нават трэба паставіць сабе пытанне: што належыць рабіць, каб быць падрыхтаваным да спаткання з Панам, каб мець спакойны і поўны веры позірк на апошнія справы, на перамяненне свету і канец нашага часовага жыцця, які набліжаецца?

Адказ мы знаходзім у сённяшнім Евангеллі. Пан Езус перасцерагае нас перад абцяжаранасцю сэрца з прычыны граху, заклікае да вызвалення ад празмерных часовых клопатаў і непатрэбных спраў, якія не маюць значэння для нашага збаўлення, а таксама заахвочвае да нястомнага чування і трывалай малітвы.

Перыяд Адвэнту, які распачынаецца, — асаблівая нагода, каб пачуць гэты заклік Езуса, прыняць яго ў сваё сэрца і старацца рэалізоўваць у жыцці.

Асвечаная вякамі традыцыя Касцёла заахвочвае нас да адмаўлення ў гэты час ад гучных забаваў і гульняў, каб мы маглі пазбегнуць празмернага распылення і занятасці дробязямі, больш увагі маглі прысвячаць духоўным справам.

Шмат хрысціян прымае разнастайныя адвэнтавыя пастановы, якія дапамагаюць змагацца з дрэннымі схільнасцямі і залежнасцямі, перамагаць уласны эгаізм і адкрывацца на бліжніх, развіваць і паглыбляць жыццё малітвы, а таксама больш плённа карыстацца святымі сакрамэнтамі.

У Адвэнт у касцёлах і капліцах па традыцыі адпраўляюцца раратнія святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Маці. Пастараемся ж па магчымасці ўдзельнічаць у гэтых Імшах, лепш за ўсё цэлымі сем’ямі, а па меншай меры паклапаціцца аб тым, каб у іх бралі ўдзел дзеці. Няхай адвэнтавае чуванне разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй дапаможа ім лепш пазнаць праўды веры, а таксама падрыхтуе іх простыя, адкрытыя дзіцячыя сэрцы да радасці святаў Божага Нараджэння.

Дарагія браты і сёстры!

Як вам, напэўна, вядома, 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ва ўсім Каталіцкім Касцёле пачнецца Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які будзе працягвацца да 20 лістапада 2016 года. У межах святкавання Юбілейнага Года ў нашай дыяцэзіі 13 снежня, у ІІІ Нядзелю Адвэнту, у катэдральнай базыліцы ў Гродне і касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе будуць адчынены на цэлы год Святыя Дзверы, якія стануць Брамамі Міласэрнасці. На працягу ўсяго Святога Года можна будзе атрымаць поўны адпуст, пілігрымуючы да Брамаў Міласэрнасці, прыступаючы да сакрамэнту паяднання і Эўхарыстыі.

Святы Айцец Францішак, абвяшчаючы Юбілейны Год, запрашае ўсю супольнасць Паўсюднага Касцёла нанова адкрываць, паглыбляць таямніцу міласэрнасці і разважаць над ёй як над аб’яўленнем бязмежнай любові Бога да чалавека.

Дэвіз Святога Года — Міласэрныя, як Айцец, — з’яўляецца ўзгадваннем слоў Езуса: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Гэты наказ Збаўцы датычыць кожнага з нас, бо кожнаму з нас штодзённа Пан Бог аказвае сваю бясконцую міласэрнасць.

Папа Францішак заахвочвае нас, каб мы падчас Юбілею засяродзіліся на ўчынках міласэрнасці адносна цела і душы, каб мы нанова яе адкрылі як сапраўднае «сэрца Евангелля». Гэта дапаможа нас пазбыцца эгаізму і абыякавасці, зрабіць сумленне чулым да патрэбаў братоў і сясцёр, навучыць распазнаваць у кожным церпячым чалавеку аблічча самога Хрыста. У час трывання Святога Года за выкананне аднаго або некалькіх учынкаў міласэрнасці адносна цела і адносна душы можна будзе атрымаць ласку поўнага адпусту. Адвэнт, які пачынаецца, і святочны перыяд Божага Нараджэння, які наступае за ім, — гэта спрыяльны час для дзялення з бліжнімі нашай любоўю, дабрынёй, зычлівасцю. Будзем жа нагадваць сабе, на чым засноўваюцца ўчынкі міласэрнасці адносна душы і адносна цела, будзем спрабаваць распаўсюджваць іх вакол сябе, каб яны дасягнулі ўбогіх у самым шырокім значэнні гэтага слова, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе, духоўнай ці матэрыяльнай, і пастараемся адчыніць для іх дзверы нашых сэрцаў. Будзем памятаць словы Езуса: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7).

Жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, поўнага сапраўднай радасці і шчодрага на ўсялякія плёны ласкі адвэнтавага чування. Давяраю вас Божай Маці Марыі, Маці Міласэрнасці. На час адвэнтавага аднаўлення духу і на радасць адкрывання таямніцы Божай міласэрнасці ў Надзвычайны Святы Год усіх вас ад усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію