Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафіяльнае свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.06.2010 16:28

У суботу 26 чэрвеня 2010 г. вернікі і госці шэметаўскай парафіі (Будслаўскі дэканат) адзначалі ўрачыстаць Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мясцовыя вернікі разам са сваім душпастырам кс. Віктарам Шчучко прывіталі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча каля святыні. Да гэтай урачыстасці парафія рыхтавалася не адзін год. За гэты час быў зроблены вонкавы і ўнутраны рамонт касцёла, была добраўпарадкавана тэрыторыя.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў словы Езуса Хрыста, прамоўленыя Ім з дрэва крыжа да сваёй Маці і апостала Яна. Менавіта тады Хрыстус прызначыў Марыю быць духоўнай Маці ўсяго адкупленага чалавецтва. «Кожны чалавек мае сваю маці. Яна з’яўляецца яго першай выхавальніцай, настаўніцай і апякункай», — дадаў іерарх.

«Падобна адбываецца і ў духоўным жыцці, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Да Езуса мы ідзём праз Марыю. Як наша добрая маці яна заўсёды клапоціцца аб сваіх дзецях. Дзякуючы яе просьбе Езус учыніў цуд у Кане Галілейскай. І сёння, дзякуючы яе заступніцтву, Езус таксама чыніць цуды. Найперш гэта цуды аздараўлення душы чалавека. Святары, якія працуюць у марыйных санктуарыях, добра ведаюць, што вельмі шмат людзей вяртаецца да Бога і прыступае да сакрамэнту споведзі — нават пасля многіх дзесяцігоддзяў — менавіта ў гэтых санктуарыях».

Іерарх звярнуў увагу прысутных на абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі. «Марыя трымае Дзіцятка Езус на левай руцэ, а правай указвае на Яго. Праз гэта яна нібы кажа нам: Яго слухайце, чыніце ўсё, што Ён вам скажа. А што Езус кажа нам у сваім Евангеллі? Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны», — адзначыў Мітрапаліт.

Як падкрэсліў арцыпастыр, да дасканаласці нас вядзе Касцёл, дзе абвяшчаецца Божае слова і цэлебруюцца сакрамэнты. «У гэтым святле сёлетні адпуст у шэметаўскай парафіі набірае яшчэ большай вагі, бо падчас святой Імшы былі асвячоны новыя амбона і алтар, — працягваў іерарх. — Амбона з’яўляецца месцам абвяшчэння Добрай Навіны, месцам, адкуль святар прамаўляе гамілію і навучае. Гэта месца, адкуль вернікі ўзмацняюцца ў сваёй веры. Алтар — гэта месца цэлебрацыі Эўхарыстыі як цэнтальнага сакрамэнту, які пераменяе нас і чыніць Божымі дзецьмі».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў услухоўвацца ў голас Марыі, якая заахвочвае выконваць волю яе Сына Езуса Хрыста, уважліва слухаць Божае слова і прымаць удзел у Эўхарыстыі, перш за ўсё нядзельнай і святочнай, а таксама ў іншых сакрамэнтах, каб праз гэта сустракацца з Хрыстом, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём.

Напярэдадні парафіяльнага свята, як адзначыў кс. Віктар Шчучко, дзякуючы ахвяраванням вернікаў былі набыты новы алтар, амбона, лаўкі і катафалак. «Поруч з працай заўсёды была малітва — надзейны памочнік у любой справе, — падкрэсліў пробашч парафіі. — Я шчыра ўдзячны ўсім вернікам, якіх у парафіі не так і многа, усяго каля 600 чалавек, а гэта пераважна людзі сталага ўзросту, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч шчыра падзякаваў кс. Віктару Шчучко, святарам, якія некалі працавалі ў Шэметаве, парафіяльнай радзе, ахвярадаўцам і ўсім, хто прычыніўся да аднаўлення святыні. Іерарх пажадаў, каб гэтая ўрачыстасць паспрыяла ўзрастанню рэлігійнага жыцця парафіі.

Шчыра дзякавалі высокаму госцю за ўдзел у парафіяльным свяце дзеці, моладзь, людзі старэйшага пакалення. На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія, была прачытана Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Па словах пробашча парафіі кс. Віктара Шчучко, магчымасць маліцца ў адноўленай святыні — гэта цуд, які адбыўся дзякуючы Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

У парафіяльнай урачыстасці прынялі ўдзел вернікі суседніх парафій, святары з Нарачы, Мядзела, Даўгінава, Канстанцінава, Міхалішак, Будслава.

Будаўніцтва мураванага касцёла Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве было распачата ў канцы XVII ст. панамі Сулістроўскімі. Дабудоўвалася святыня прадстаўнікамі роду Скірмунтаў у пачатку ХIХ ст. У 1902 г. касцёл быў разбудаваны і ўпрыгожаны. На сённяшні дзень ён з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму.

У галоўным алтары змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, над ім — абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі (ён з’яўляецца дакладнай копіяй абраза з касцёла св. Альфонса ў Рыме). Касцёл упрыгожваюць восем вітражных вокнаў з ілюстрацыямі святых. Побач са святыняй знаходзіцца драўляная двухярусная званіца, пабудаваная ў пачатку ХХ ст.

Ігнат Лубнеўскі

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.