У Шэметаве адбылася калядная сустрэча выпускнікоў гродзенскай семінарыі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.12.2009 15:15 |
29 снежня 2009 г. у Шэметаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Будслаўскі дэканат) адбылася калядная сустрэча выпускнікоў 2000 года Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Святую Імшу, якая адбылася ў межах сустрэчы, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі арцыпастыр нагадаў аб ролі святарства ў Касцёле і аб яго збаўленчай місіі, атрыманай у запавет ад Сына Божага. Мітрапаліт заклікаў прысутных святароў яшчэ раз «наблізіцца да Першасвятара Езуса Хрыста, яшчэ раз задумацца пра тое, якім з’яўляецца наша святарства, каб наблізіцца да Таго, хто паклікаў нас, і ад Яго імя ісці ў гэты свет, абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей і будаваць хрысціянскія супольнасці». Удзельнікі сустрэчы, выпускнікі гродзенскай семінарыі, у сваю чаргу выказалі ўдзячнасць арцыбіскупу, адзначыўшы, што менавіта ён стаяў каля вытокаў заснавання гэтай навучальнай установы, якая стала для іх Alma Mater. Сёння выпускнікі гэтага курса працуюць у парафіях розных дыяцэзій Беларусі. Тры святары працягваюць навучанне ў Рыме, адзін з якіх з’яўляецца студэнтам Папскай дыпламатычнай акадэміі, некалькі святароў выкладаюць у пінскай і гродзенскай духоўных семінарыях. Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне дзейнічае з 1990 г. За час сваёй дзейнасці ўстанова падрыхтавала і выпусціла каля 170 святароў, якія працуюць па ўсёй Беларусі, ва Украіне, у Грузіі, Літве, Казахстане (сярод навучэнцаў першага набору былі не толькі ўраджэнцы Беларусі, але таксама іншых постсавецкіх краін). |
Фотарэпартаж |