Мітрапаліт Кандрусевіч: «Каб быць шчаслівым, трэба жыць паводле Божых запаведзяў» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
31.07.2010 14:19 |
У гэтым годзе спецыяльна для малітоўнай сустрэчы быў створаны крыж. Такая традыцыя зарадзілася падчас правядзення Сусветных дзён моладзі — яны таксама праходзяць са спецыяльным крыжам. «25 гадоў назад Слуга Божы Ян Павел II падчас першага Сусветнага дня моладзі асвяціў гэты крыж. У Дэнверы у 1993 годзе падчас Крыжовага шляху на стадыёне быў вельмі моцны вецер. Здавалася, што ен паваліць гэты крыж. І раптам моладзь з трыбунаў кінулася і трымала яго вельмі моцна. Гэта было вельмі сімвалічна. Я не магу гэтага забыць», — узгадвае арцыбіскуп Кандрусевіч. Крыж, створаны для малітоўнай сустрэчы ў Івянцы, будзе і надалей суправаджаць моладзь на розных спатканнях, а таксама падчас пілігрымак. Так, напрыклад, па словам Мітрапаліта, праз некалькі дзён вырушае пілігрымка з Гродна ў Рось. І яе ўдзельнікі вырашылі ўзяць гэты крыж з сабой. У пасланні на 25-ы Сусветны дзень моладзі Папа Бэнэдыкт XVI разважае пра Божыя запаведзі. Менавіта гэты факт паўплываў на выбар тэмы сёлетняга спаткання ў Івянцы. Арганізатары вырашылі праводзіць тую ж думку: яны паставілі мэту паказаць шлях чалавека да шчасця. «Чалавек марыць аб шчасці. І мы хочам патлумачыць моладзі, што, каб быць шчаслівым, трэба жыць паводле Божых запаведзяў», — згаджаецца з гэтай ідэяй Мітрапаліт Кандрусевіч. |