Пастырская сустрэча духавенства ў Мінску. Планы на будучы год |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
22.12.2010 18:23 |
22 снежня 2010 г. у мінскай архікатэдры сабралася духавенства і сёстры законныя на дзень духоўных сустрэч. Па традыцыі ў перыяд Адвэнту падчас гэтай сустрэчы адбываецца дзяленне аплаткай і гучаць віншаванні з надыходзячымі святамі. Ужо з раніцы ў катэдру пачалі з’язджацца святары, законнікі і законніцы. Прыватная малітва, сакрамэнт пакаяння, духоўныя размовы, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — так пачынаецца дзень духоўных сустрэч тых, хто ахвяраваў сваё жыццё служэнню Богу на Яго ніве. Затым удзел у святой Імшы і сустрэча з арцыпастырам. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў удзельнікам сустрэчы за працу ў перыяд Адвэнту і заахвоціў правесці ў парафіях аплатковыя сустрэчы з рознымі групамі вернікаў. Гэта дазволіць святару, як адзначыў далей, наладзіць больш блізкі кантакт з вернікамі і заахвоіць да больш актыўнага ўдзелу ў жыцці парафіі. Арцыпастыр звярнуў увагу на значэнне калядных наведванняў. Па словах іерарха, часам гэта адзіная магчымасць сустрэцца з тымі, хто з’яўляецца толькі намінальнымі хрысціянамі, а таксама дапамагчы ім ва ўрэгуляванні жыцця паводле Божых запаведзяў, а пры неабходнасці заахвоціць да прыняцця сакрамэнту хросту, шлюбу, да рэлігійнага выхавання дзяцей. Прысутныя таксама былі паінфармаваны, што 2011 пастырскі год прысвечаны тэме Божай міласэрнасці. Дэвіз года — «Божая міласэрнасць — адзіная надзея сучаснага свету». Такое рашэнне прыняла Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды ІІ Сусветнага кангрэсу Божай міласэрнасці, які пройдзе 1–5 кастрычніка 2011 г. у кракаўскіх Лагеўніках (Польшча). Мітрапаліт заклікаў у пастырскай дзейнасці пашыраць культ Божай міласэрнасці. Між іншым, арцыпастыр прадставіў важныя падзеі будучага года. 28 красавіка – 5 мая адбудзецца пілігрымка ў Святую Зямлю і асвячэнне ў Іерусаліме табліцы з малітвай «Ойча наш…» на беларускай мове, якое запланавана на 3 мая. Табліца ўжо робіцца і будзе размешчана на сцяне іерусалімскай святыні Pater noster. Адказным за падрыхтоўку і правядзенне пілігрымкі прызначаны кс. дэкан Антоні Клімантовіч. Пры неабходнасці, будзе арганізавана другая група з 1 па 8 мая. Такім чынам, абедзве групы змогуць прысутнічаць на асвячэнні табліцы. 13 мая ў Мінску адбудзецца канферэнцыя для супрацоўнікаў СМІ з удзелам старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскупа Клаўдыё Марыя Чэллі. Канферэнцыя будзе спалучана з пастырскай сустрэчай. На 19 чэрвеня запланавана святкаванне 20-гадовага юбілею заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Больш падрабязна тут >>> Працэсія Божага Цела ў Мінску ў гэтым годзе адбудзецца 29 мая — у апошнюю нядзелю месяца. Святкаванне ж урачыстасці прыпадае на 23 чэрвеня. У гэты дзень працэсіі будуць праведзены пры парафіях. 1–4 чэрвеня ў Івянцы адбудзецца парафіяда. Іерарх заклікаў душпастыраў паклапаціцца аб актыўным удзеле ў спартакіядзе дзяцей і моладзі з іх парафій. 1–2 ліпеня — галоўныя ўрачыстасці ў Будславе. Сёлетні дэвіз: Марыя — святыня Духа Святога. Па словах Мітрапаліта, ККББ разгледзіць пытанне аб пераносе даты святкавання на першую пятніцу і суботу ліпеня, каб як мага больш людзей мела магчымасць наведаць у гэтыя дні нацыянальны санктуарый. Усебеларускі Дзень моладзі адбудзецца 5–7 жніўня і будзе этапам падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі, што пройдзе ў Мадрыдзе (Іспанія) 16–21 жніўня 2011 г. Дэвізам абраны словы з паслання папы Бэнэдыкта XVI да моладзі: «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры» (пар. Клс 2, 7). Да святаў Божага Нараджэння рэлігійная місія «Карытас» прапануе душпастырам звярнуцца па Бібліі для дзяцей у якасці падарунка на свята. Мітрапаліт, між іншым, паведаміў аб ходзе падрыхтоўкі да выдання «Літургічнай агенды». Іерарх нагадаў пра ўжо выдадзеныя кнігі і матэрыялы, вартыя ўвагі не толькі душпастыраў і катэхетаў, але і вернікаў: Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, дапаможнікі па катэхезе для 5, 7, 8, 9 і 10 класаў. Наступная пастырская сустрэча адбудзецца ў студзені 2011 г. у капліцы святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат) і будзе прысвечана Тыдню малітваў за адзінства хрысціянаў, які штогод праводзіцца з 18 па 25 студзеня. Малітвы ў яго межах будуць праводзіцца і пры парафіях. Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы выступілі таксама біскуп Антоні Дзям’янка, канцлер Мітрапалітальнай курыі кс. Юрый Касабуцкі, кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч (акцыя «Самарытанскі кашалёк»), кс. Юрый Санько (фармацыйныя сустрэчы міністрантаў, парафіяда, Усебеларускі дзень моладзі), кс. Віталій Драздоўскі (Сусветны дзень моладзі, Усебелараскі дзень моладзі), кс. Лех Баханэк OFMConv (парафіяда, Музычная майстэрня, Усебеларускі дзень моладзі). |
Фотарэпартаж |