Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адзін дзень з жыцця бараўлянскай парафіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.12.2010 14:27

Сёлетняе свята Святой Сям’і ў бараўлянскай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў было асаблівым. У гэты дзень, 26 снежня 2010 г., была асвячона парафіяльная харугва, уручаны падарунак шматдзетнай сям’і, а таксама супольна памаліліся за міністранта імянінніка.

Парафіяльная харугва была выканана Валерыем і Аленай Ляснеўскімі. Напачатку, як адзначыла сужэнства Ляснеўскіх, з’явілася жаданне зрабіць вышываны абраз менавіта Марыі Успамогі Хрысціянаў, імя якой носіць бараўлянская парафія. Звярнуліся да мясцовага пробашча кс. Казіміра Шыдэлкі SDB па выяву Маці Божай, на аснове якой Валерыем Ляснеўскім была распрацавана схема для вышывання. Ксёндз Казімір Шыдэлка ў сваю чаргу звярнуўся да Ляснеўскіх з просьбай зрабіць гэты абраз для парафіяльнай харугвы. Праца была творчай і вельмі крапатлівай: выява выканана вышыўкай крыжыкам. Трывала яна амаль два гады і была, па словах Ляснеўскіх, своеасаблівай малітвай-роздумам. І вось, нарэшце, праца над харугвай завершана і яна ўрачыста асвячона.

Парафія ў Бараўлянах адзначаецца вельмі прыязнымі адносінамі паміж вернікамі. У часе Адвэнту, напрыклад, у капліцы знаходзілася скрынка з надпісам: «Зрабі прыемнае для Бога». Гэтая таямнічая скрынка напаўнялася ахвяраваннямі, і толькі ў свята Святой Сям’і стала вядома, для якой мэты яны збіраліся. У парафіі ёсць шматдзетная сям’я, сярод членаў якой таксама 6 прыёмных дзетак. Менавіта ім і быў уручаны падарунак, падрыхтаваны ўсёй парафіяльнай супольнасцю. Маці, Ірына Пятровіч, выказваючы словы падзякі, адзначыла, што, дзякуючы Божай дапамозе і падтрымцы бліжніх, складаныя часы для іх сям’і ўжо мінулі і цяпер яны самі дапамагаюць матэрыяльна іншым.

Добрым завяршэннем урачыстасці стаў канцэрт узорнага ансамбля народнай музыкі «Бараўлянская крынічка» пры Бараўлянскай дзіцячай школе мастацтваў. Ансамбль, у склад якога ўваходзяць выкладчыкі і вучні, выказаў жаданне выступіць для парафіяльнай супольнасці ў перыяд Божага Нараджэння. Праграма ўключала як калядныя, так і народныя песні. Кожны з артыстаў атрымаў ад пробашча падарунак і запрашэнне на будучыя ўрачыстасці.

І які ж калядны час без стаенкі! Сёлета каля капліцы можна ўбачыць вельмі прыгожую батлейку, майстраваць якую прыходзілі самі вернікі. Варта адзначыць, што вялікі ўклад у аздабленне капліцы і навакольнай тэрыторыі робіць пробашч парафіі кс. Казімір Шыдэлка. Добрай памочніцай з’яўляецца сястра салезіянка Валянціна Кот. У чэрвені гг., у межах святкавання 50-годдзя раёна, кс. Шыдэлка за ўнёсак у развіццё духоўнага жыцця п. Лясны  атрымаў з рук старшыні сельсавета Аляксандра Савончыка адзнаку: званне Ганаровага грамадзяніна.

Вось такія цалкам сямейныя нагоды для святкавання і радасці былі ў гэты дзень у бараўлянскай парафіі.

Парафія ў Бараўлянах была заснавана ў 2001 годзе. За апошнія гады колькасць вернікаў значна павялічылася і сёння налічвае каля 2500 чалавек. Чакаецца прырост і ў будучым, бо ў пасёлку плануецца будаўніцтва яшчэ некалькіх высотак. Пры парафіі ёсць хор дарослых «Auxilium» («Дапамога») і дзіцячы хор «Вясёлка». Ёсць і малітоўныя групы: Легіён Марыі, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, Жывы Ружанец, міністранты. З 16 па 24 чысло кожнага месяца ў парафіі праходзіць набажэнства да Марыі Успамогі Хрысціянаў, а кожную першую суботу — да Маці Божай Фацімскай. Каля капліцы будуецца Парафіяльны цэнтр для дзяцей і моладзі.

Валянціна Крутая

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.