Святарства — не прафесія, а служэнне людзям. Урачыстасць у Бараўлянах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
17.05.2011 13:11 |
15 мая 2011 г. у бараўлянскай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў мясцовыя вернікі і шматлікія госці адзначалі сярэбраны юбілей святарства кс. Казіміра Шыдэлкі SDB і 30-годдзе святарства Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Перад набажэнствам іерарх асвяціў абраз Марыі Успамогі Хрысціянаў, змешчаны ў галоўным алтары капліцы. Разам з арцыбіскупам святую Імшу канцэлебравалі святары з мінскіх парафій і з таварыства салезіянаў. У гаміліі арцыпастыр заўважыў, што святкаванне святарскіх юбілеяў адбываецца ў нядзелю Добрага Пастыра — дзень, калі моляцца аб пакліканнях да манаскага і святарскага жыцця. Іерарх звярнуў увагу на праблему распазнання паклікання і адказу на яго. «Бог кліча, а пакліканы павінен адказаць. Бог выбірае яшчэ ва ўлонні маці. Адказ жа на голас Пана можа наступіць у розных абставінах. Важна адказаць „так“», — адзначыў Мітрапаліт. Па словах іерарха, у распазнанні паклікання вялікае значэнне мае выхаванне, сямейны клімат, парафія і вельмі часта прыклад святара, якога малады чалавек сустракае на жыццёвым шляху. Пасля адказу Богу «так» распачынаецца фармацыя да святарства ў духоўнай семінарыі. Яна складаецца з чатырох напрамкаў: чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай. «Трэба заўсёды памятаць, што святарства — гэта не прафесія, а служэнне людзям», — дадаў Мітрапаліт. Чым жа з’яўляецца місія святара? Гэта абвяшчэнне вечна жывога і дзейснага слова Божага, асвячэнне чалавека праз сакрамэнты і будаванне хрысціянскай супольнасці праз служэнне ёй у любові. Мітрапаліт Кандрусевіч узгадаў сумесную працу з юбілярам кс. Казімірам Шыдэлкам у Маскве і падкрэсліў значэнне той працы, якую ён выконвае цяпер як пробашч бараўлянскай парафіі і капелан хворых. Іерарх пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення, добрага здароўя і апекі Марыі, каб у Бараўлянах, дзе знаходзіцца буйны медыцынскі комплекс, людзі лячылі не толькі свае целы, але і аздараўлялі душы. Мітрапаліт Кандрусевіч таксама атрымаў пажаданні з нагоды 30-годдзя святарства, якое іерарх будзе адзначаць 31 мая ў мінскай архікатэдры ў 18.30. Пасля набажэнства адбыўся канцэрт парафіяльнага музычнага гурта «Вясёлка». Былі арганізаваны забавы і пачастунак. |
Фотарэпартаж |