Сакрамэнт канфірмацыі ў Бараўлянах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
02.03.2009 16:05 |
1 сакавіка 2009 г. у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах (Залатагорскі дэканат) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу, падчас якой арцыпастыр удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 31 верніку парафіі.
У сваёй гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш нагадаў пра асноўныя абавязкі хрысціяніна ў перыяд Вялікага посту — малітва, пост і міласціна. Арцыпастыр падкрэсліў, што менавіта гэтыя найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі вядуць да навяртання. «Каб выканаць гэтыя заданні, трэба разам з Хрыстом пайсці ў пустыню і застацца сам-насам з Богам, каб у святле Духа Святога зрабіць рахунак сумлення і змяніць сваё жыццё», — сказаў арцыпастыр.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў, якія ў гэты дзень прымалі з яго рук сакрамэнт канфірмацыі, адкрыцца на дзеянне Духа Святога і быць сведкамі Евангелля ў свеце, поўным небяспечных выклікаў.
Іерарх нагадаў, што Бараўляны добра вядомы жыхарам Беларусі як буйны медыцынскі цэнтр. Аднак, як падкрэсліў Мітрапаліт, дапамога патрэбна не толькі целу чалавеку — лячыць трэба і душу. Арцыпастыр пажадаў, каб Бараўляны славіліся таксама як духоўны «лячэбны» цэнтр, каб у здаровым целе быў здаровы дух.
Гэтая ўрачыстасць увойдзе ў гісторыю парафіі як памятны дзень. Парафія была заснавана ў 2000 г., і сёлета яе вернікі ўпершыню прыступілі да сакрамэнту канфірмацыі.
Фота І. Іватовіча
|