Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся разам з вернікамі Ракава
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.09.2012 17:30

30 верасня 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве. Арцыпастыр прыбыў у Ракаў з нагоды парафіяльнай урачыстасці Маці Божай Ружанцовай, якая адзначаецца 7 кастрычніка.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што хрысціянін у сваім жыцці не можа кіравацца зайздрасцю і павінен радавацца з поспеху іншых, а таксама нагадаў пра небяспеку спакусы, аб якой апавядаецца ў евангельскім урыўку. Зыходзячы з евангельскага чытання на ХХVI Звычайную нядзелю, Мітрапаліт звярнуў увагу, што яно падзелена на дзве часткі. У першай Езус вучыць сваіх апосталаў аб тым, што хто не супраць нас, той з намі. Гэта адказ Езуса на пытанне апосталаў, чаму іншыя людзі, якія не былі вучнямі Хрыста чынілі цуды і выганялі злых духаў. З-за зайздрасці яны забаранялі ім гэта рабіць.

«Такая гісторыя паўтараецца ў жыцці чалавека і цэлых грамадстваў вельмі часта, — адзначыў Мітрапаліт. — Мы прывыклі лічыць сябе лепшымі за іншых, больш здольнымі, лепш адукаванымі, больш спрытнымі і г.д. Гэтым самым мы не будуем еднасць, а яе разбіваем».

«На парафіядах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі каманда ракаўскай парафіі займае высокае месца, — працягваў арцыпастыр. — Гэтаму дапамагае еднасць, якая існуе ў ёй». Іерарх распавёў гісторыю пра школьную футбольную камаду, якая выйграла чэмпіянат горада: «Усе газеты называлі яе найлепшай і прарочылі ёй вялікую будучыню. Аднак, як гэта часта бывае, гульцы каманды зазналіся, кожны пачаў думаць пра тое, што толькі дзякуючы яго намаганням каманда стала пераможцай, а іншыя нічога не значаць. Паміж гульцамі пачаліся інтрыгі, зайздрасць, і наступны чампіянат яна з трэскам прайграла».

Як падкрэсліў Мітрапаліт, «хрысціянін у сваім жыцці не можа кіравацца зайздрасцю, у кожным чалавеку ён павінен бачыць брата і сястру і радавацца з поспеху іншых». «Гэта нялёгка, але так павінна быць, бо толькі тады мы не будзем не разбіты, але аб’яднаны, чаго так не хапае нашаму грамадству», — дадаў іерарх.

Словы Езуса «хто не супраць нас, той з намі» ўзнімаюць, як сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч, яшчэ адну вельмі важную праблему адносін паміж рознымі веравызнаннямі. «Сёння, у час вельмі сур’ёзных і небяспечных выклікаў, хрысціяне павінны імкнуцца да еднасці ў абвяшчэнні Божага слова, абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў, захоўвання маральнага права. Аднак пры усім гэтым мы павінны памятаць аб сваёй каталіцкай ідэнтычнасці і аб тым, што Каталіцкі Касцёл сапраўды існуе ў Касцёле Хрыстовым, як навучае Другі Ватыканскі Сабор. Недапушчальны рэлігійны сінкрэтызм, які сцірае розніцу паміж рознымі рэлігіямі, у выніку чаго чалавек выбірае тое, што яму найбольш адпавядае і не патрабуе вялікага маральнага высілку», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч раскрыў таксама сэнс другой часткі нядзельнага ўрыўку з Евангелля, якая кажа пра небяспеку спакусы. «Ведаем, чым завяршылася спакуса нашых першых бацькоў яшчэ ў раі. І таму Хрыстус вельмі рашучы ў адносінах да спакусаў і тых, хто спакушае», — адзначыў арцыпастыр.

«Адна гісторыя распавядае, як Люцыфер захацеў пракантраляваць, як працуюць д’яблы, як яны спакушаюць людзей, — працягваў Мітрапаліт. — Са здзіўленнем ён убачыў аднаго з д’яблаў, які адпачываў і не клапаціўся аб тым, што павінен спакушаць іншых. „Чаму ты так сябе паводзіш?“ — спытаўся Люцыфер. — „Спакойна, нам ужо няма чаго рабіць, бо людзі спакушаюць адзін аднаго вельмі добра і паспяхова“, — адказаў той». «Гэта сапраўды так. Сучасная мода, паводзіны, мова, амаральныя звычкі, рэклама алкаголю, даступнасць наркотыкаў — гэта ўсё сучасныя спосабы спакушаць іншых», — падкрэсліў іерарх.

Таксама Мітрапаліт нагадаў, што ў наступную нядзелю, 7 верасня, адбудзецца галоўная парафіяльная ўрачыстасць Маці Божай Ружанцовай. «Ружанец — гэта як быццам скарочанае Евангелле, і менавіта ў часы пераследу Ружанец стаў той малітвай, дзякуючы якой вернікі захавалі веру», — сказаў арцыпастыр і заахвоціў «у часы вялікага крызісу веры маліцца на ружанцы, каб яе захаваць і ўмацоўваць, каб жыць паводле Евангелля, не разбіваць грамадства, але яго ацаляць, каб на ўсе спакусы адказваць словамі Хрыста: „Не хлебам адным жыве чалавек, але кожным Божым словам, якое выходзіць з яго вуснаў“».

«Марыя — наша Маці духоўная, і яна можа нам дапамагчы», — падкрэсліў Мітрапаліт, заклікаўшы вернікаў даверыцца Маці Божай, прымаць удзел у штодзённых ружанцовых набажэнствах і разам з Паннай Марыяй увайсці ў Год веры, які распачнецца 11 кастрычніка.

Пасля святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч асвяціў узведзеную на даху касцёла малую вежу, якую называюць сігнатуркай. Звычайна ў вялікіх касцёлах сігнатурка размяшчалася над скрыжаваннем трансэпту з галоўнай навай, а ў меншых — над прэзбітэрыем. У сігнатурцы знаходзіўся самы малы звон, якім званілі на спеў «Святы, святы, святы...» і на Паднясенне. У ёй таксама змяшчалі дакументы, звязаныя з фундацыяй касцёла. Выява сігнатуркі ракаўскага касцёла прысутнічае на даваенных здымках. Падчас Другой сусветнай вайны сігнатурка была знішчана, а адноўлена нядаўна.

Таксама арцыбіскуп Кандрусевіч разам з протаіерэем Сергіем Лепіным, настаяцелем праваслаўнага прыхода ў Ракаве, асвяцілі каталіцкі і праваслаўны крыжы, усталяваныя мясцовымі жыхарамі, і статую Маці Божай паміж імі.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме