У Ракаве адбыўся першы сольны канцэрт гурта «Sine Glossa» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.02.2012 12:44 |
19 лютага 2012 г. у мястэчку Ракаў адбыўся першы сольны канцэрт каталіцкага гурта «Sine Glossa». Калектыў сабраўся ў верасні 2010 года, калі ідэя стварэння парафіяльнага гурта аб’яднала музычныя таленты, намаганні і памкненні яго ўдзельнікаў. Праз пэўны час група пачала пісаць уласныя творы і прымаць удзел у мясцовых музычных фэстах. «Музыка — гэта спецыфічны спосаб малітвы, кантакту з Богам, — адзначаюць удзельнікі гурта. — Святы Дух аб’яднаў нас і натхніў дзеля таго, каб мы неслі іншым людзям святло Евангелля, каб мы праслаўлялі Пана і рэалізоўвалі свае творчыя ідэі і здольнасці праз музыку, праз спеў і танец. Наш гурт не прывязваецца стала да аднаго пэўнага стылю: у нашых песнях у той ці іншай ступені прысутнічаюць элементы рок-н-ролу, рэгі, рэпу, ска-панку і інш. Але не вельмі істотна тое, у якім стылі ці музычным напрамку праслаўляць Бога, проста мы стараемся выкарыстоўваць для гэтага як мага больш магчымасцяў, разнастайных і яркіх. Таму, жартоўна вызначаючы мэту нашай творчасці, можна сказаць, што яна заключаецца ў тым, каб „ствараць шум на хвалу Пана Бога“. Першае сольнае выступленне для нас — вялікае дасягненне. Спадзяёмся, што і надалей гурт будзе развівацца, будзе працягваць музычную дзейнасць і ўдзельнічаць у абвяшчэнні Добрай Навіны». Вадзім Войцік |
Фотарэпартаж |