7 кастрычніка 2011 г. адбылася ўрачыстасць ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у мястэчку Ракаў. Праславіць Імя Марыі прыбыла шмат святароў з Мінска, Валожына, Нясвіжа, Рубяжэвічаў, Заслаўя, Дзераўнога.
Святую Імшу ўзначаліў кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч. Святар нагадаў вернікам, як важна памятаць пра моц ружанцовай малітвы, бо праз Ружанец і заступніцтва Панны Марыі чалавек на зямлі можа атрымаць шмат ласкаў ад Бога.
Святкаванне завяршылася 9 кастрычніка святой Імшой з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Падчас літургіі іерарх удзяліў вернікам парафіі сакрамэнт Канфірмацыі.
У гаміліі Мітрапаліт нагадаў пра Марыю, якой Бог учыніў вялікія рэчы, а праз яе — усяму чалавецтву. «Марыя стала Маці Збаўцы, які збавіў чалавецтва ад граху і адчыніў яму брамы раю. Бог учыніў вялікія рэчы і нам, і нашай Бацькаўшчыне. Тры пакаленні панаваў атэістычны рэжым. Здавалася, што са смерцю апошняга святара настане канец Касцёла. Аднак людзі жылі надзеяй. Гэтую надзею бралі са слоў Хрыста, якія Ён сказаў апосталу Пятру: „Ты Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую мой Касцёл, і брамы пякельныя не перамогуць яго“. Гэтую надзею ўмацоўвалі словы Божай Маці з Фацімы, што яе беззаганнае сэрца затрыумфуе і людзі навернуцца. У Фаціме Марыя заклікала да пакаяння і да малітвы», — адзначыў арцыпастыр.
Як дадаў іерарх, у ранейшыя часы «не было касцёлаў, святароў і рэлігійнай літаратуры, але вернікі маліліся простай малітвай і асабліва на ружанцы, верачы ў яго моц». «І яны не падмануліся. Цяпер мы маем свабоду веравызнання. Ружанец — малітва, якая з’яўляецца скарачэннем Евангелля. Таму, разважаючы над таямніцамі Ружанца, мы разважаем над таямніцамі нашага збаўлення, якія прадстаўлены ў Евангеллі. Над імі трэба разважаць, каб быць моцнымі верай і не страціць яе ў час секулярызму, калі людзі больш цэняць матэрыяльныя каштоўнасці, чым духоўныя», — падкрэсліў Мітрапаліт.
У той жа час, дадаў іерарх, хрысціяніна абавязваюць словы Хрыста: «Не адзіным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з яго вуснаў». «Гэтае слова вучыць праўдзе жыцця. Яно вучыць захоўваць Божы закон як гарантыю пабудовы шчаслівага жыцця на гэтай зямлі і дасягнення шчасця ў вечнасці. Трэба памятаць, што Бог на судзе не будзе пытацца, у якім доме мы жылі ці якім вялікім ён быў, не будзе пытацца, на якой машыне мы ездзілі, не будзе пытацца, ці мелі мы вялікі рахунак у банку і г. д. Ён будзе пытацца аб нашых духоўных каштоўнасцях. Будзе пытацца, ці жылі мы паводле Яго закону, ці былі сапраўднымі хрысціянамі, ці наша хрысціянства было толькі нядзельным, калі мы ідзём на Імшу, каб там толькі пастаяць, або сапраўдным, якое праяўлялася ў штодзённым жыцці. Мы не павінны імкнуцца толькі да паказухі, але да сапраўднага хрысціянскага жыцця», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Па словах Мітрапаліта, вялікі хрысціянскі мысліцель англічанін Гілберт Чэстэртан, які жыў у канцы ХІX — пачатку XX стагоддзяў, пісаў, што адна прысутнасць на нядзельнай Імшы не чыніць хрысціянінам, падобна як не чыніць чалавека аўтамабілем прабыванне ў гаражы. Арцыпастыр заклікаў вернікаў узмацняць сваю веру малітвай Ружанца і адкрыцца на дзеянне Святога Духа, дары якога яны прымаюць у сакрамэнце канфірмацыі.
У гэты дзень таксама адбылося пасвячэнне двух крыжоў у вёсцы Іслач. Мітрапаліт каля крыжоў пасадзіў малады дубок як сімвал моцнай веры, падкрэсліўшы, што, як карані дуба трымаюцца ў зямлі, так і вера павінна трываць у нашых сэрцах.
|