Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Роварная пілігрымка разам з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам стартавала ад Чырвонага касцёла
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2014 13:21
Канец чэрвеня і пачатак ліпеня — гэта час пілігрымак у Будслаў. Пазаўчора з мінскай катэдры выйшла 24-ая па ліку пешая пілігрымка. Учора з Чырвонага касцёла выправілася пакутная пілігрымка, удзельнікі якой увесь шлях трываюць на хлебе і вадзе. 2 ліпеня раніцай з Чырвонага касцёла стартавала чарговая пілігрымка на роварах, на пачатку якой і напрыканцы традыцыйна прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.  

Перад распачаццем пілігрымкі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт. У гаміліі іерарх звярнуўся да фрагменту з Евангелля, дзе Езус вылечыў дваіх апантаных.

«Гэта Евангелле аб рэальнасці жыцця чалавека, якім часта валодае д’ябал. Вера ў існаванне злога духа — гэта не міф, а неад’емная частка нашай веры, бо д’ябал існуе. Ён рэальны. Езус называе яго «бацькам хлусні». Ён — гэта злы дух, які адмаўляецца служыць Богу і не прызнае яго Валадарства. Таму мы таксама павінны памятаць, што калі хлусім і адмаўляемся служыць Богу, то ідзем вызначанай д’яблам дарогай. Вядомы хрысціянскі пісьменнік Клайв Льюіс кажа, што зло не нараджаецца ў асяроддзі маргіналаў, але ў салонах і офісах, дзе працуюць людзі з белымі каўнерыкамі. І сапраўды, там найбольш хлусні, карупцыі, інтрыг і г.д.», — сказаў іерарх.

Арцыбіскуп заахвоціў глыбей засяродзіцца на сённяшнім Евангеллі і звярнуць увагу на наступныя тры вельмі важныя высновы.

Па-першае, памятаць «што ўлада Езуса над злым духам абсалютная і ён баіцца Хрыста як агню. Бог не стварыў д’ябла, але д’ябал — гэта паўшы анёл, і ён імкнецца, каб як мага больш людзей пайшло яго шляхам. Д’ябал быў пераможаны Езусам на крыжы, значэнне якога ў тым, што той, хто церпіць за нашы грахі, - гэта не мы самі, але Бог».

Па-другое, «Езус паказвае сваю дабрыню нават у адносінах да злога духа і выслухоўвае яго просьбу паслаць яго ў свіней, якія кінуліся ў ваду і загінулі. У гэтым праяўляецца бязмежная Божая міласэрнасць».

У дачыненні да гэтай высновы арцыбіскуп прыгадаў словы вядомага пратэстанцкага прапаведніка Білі Грэма, які «любіў казаць, што дзіця запомніць толькі адну рэч, - ці былі дарослыя добрымі ў адносінах да яго. Таму ў адносінах да чалавека, які чыніць зло, неабходна праяўляць цярплівасць і чыніць усё, каб вярнуць яго на шлях веры».

Трэцяя выснова, зробленая Мітрапалітам, датычылася рэакцыі жыхароў, якая была падчас цуду вызвалення апантаных з-пад улады д’ябла. «Яны не жадаюць бачыць Езуса і просяць Яго, каб Ён адышоў ад іх. Гэта, можа, найбольш сумныя словы Святога Пісання. Чаму? Таму, што гэтыя людзі больш прывязаныя да матэрыяльных спраў чым да духоўных, а таксама больш шкадуюць загінулых у вадзе свіней, чым цешацца з вызвалення з-пад улады злога духа апантаных», — адзначыў іерарх.

Роварная пілігрымка, як і кожная іншая, з’яўляецца публічным вызнаннем веры, новым спосабам евангелізацыі і ўмацавання хрысціянскай салідарнасці паміж удзельнікамі пілігрымкі. Гэта таксама знак таго, што ў наш час, калі з'яўляецца ўсё больш сляпых у дачыненні да духоўных спраў, ёсць людзі, якія гэтыя справы ставяць на першае месца.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў удзельнікам роварнай пілігрымкі фізічнай і духоўнай вытрымкі, каб яны шчасліва даехалі да мэты падарожжа, радасна прывіталі Будслаўскую Марыю і ў Яе вучыліся заўсёды казаць Богу «так».

(TK), (AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.