З 12 па 14 снежня ў Нарачы праходзілі рэкалекцыі для Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых. Духоўныя практыкаванні для свецкіх кармэлітаў падрыхтаваў айцец Пётр Фраштэнга OCD. Дзве тэмы рэкалекцый — 500-годзе з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Езуса і распачаты Касцёлам Год кансэкраванага жыцця — злучаны ў адно ў Богу-чалавеку Езусе Хрысце.
Напачатку ўдзельнікі рэкалекцый пазнаёміліся з пасланнем Папы Францішка, прысвечаным 500-годдзю з дня нараджэння вялікай святой Кармэлю. Пантыфік звярнуў увагу на сцежкі, якімі Тэрэза ад Езуса ішла да святасці. «Дарагія браты, разам з маім сардэчным прывітаннем прамаўляю да ўсіх: “Час ісці, ходзячы дарогамі радасці, маліты, братэрства, перажываючы гэты час як ласку! Пойдзем дарогамі жыцця, і няхай святая Тэрэза трымае нас за руку. Няхай яе сляды заўсёды вядуць нас да Езуса», — адзначыў Святы Айцец.
Найлепшыя пажаданні з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння Святой Маці перадаў у сваім лісце айцец-генерал Ордэну кармэлітаў босых, звяртаючыся да ўсіх членаў ордэну, братоў, сясцёр, свецкіх і ўсёй тэрэзіянскай сям’і сясцёр і законнікаў. Разважаючы ў сваім лісце аб дарозе і прыстанку Тэрэзы, айцец генерал піша: «Да чаго вядзе нас пяцісотгоддзе Тэрэзы? Яно вядзе нас да нашых сэрцаў, дзе жыве наша праўда і праўда Бога жывога. Каб сустрэліся яны ў імя і на сцежках Тэрэзы: гэта толькі адзінае свята, якое зможа развесяліць сэрца Маці і дазволіць ёй адчуваць плёны яе пошукаў, яе барацьбы, яе нястомнага пілігрымавання. Дзякуй, табе, Тэрэза, бо не для сябе, але на самой справе для ўсіх нас нарадзілася!»
Рэкалекцыяніст у сваіх канферэнцыях працягваў разважаць над постаццю святой Тэрэзы ад Езуса, якая прагне, каб вернікі абуджалі адзін аднаго, пры тым, што і яна сама дапамагала ў гэтым некалькім людзям. Нагодай да духоўнага абуджэння з’яўляецца юбілейны год і Год кансэкраванага жыцця. Кожны добра ведае, дзе знаходзяцца месцы ў ягоным сэрцы, у ягоным жыцці, якія спяць і патрабуюць абуджэння, каб любіць, а запрашэнне Папы Францішка, скіраванае да Касцёла, у тым ліку да кансэкраваных асобаў, вельмі адназначнае — выйсці, каб абудзіць свет. Каб абудзіць свет, патрэбна неадкладна пачаць рухацца, дапамагчы прачнуцца, з дапамогай Пана, патэнцыялу, які ў нас ёсць. Гэтае запрашэнне свецкія кармэліты ўспрынялі вельмі адказна.
Разважаючы пра Год кансэкраванага жыцця, удзельнікі рэкалекцый карысталіся пасланнем да кансэкраваных асобаў, надрукаваным у выдавецтве «Pro Christo», якое называецца «Радуйцеся!», паводле вучэння Папы Францішка. Азнаёміцца з гэтым вучэннем дапамаглі канферэнцыі, якія падрыхтавалі сёстры Яніна Вільтоўская, Соф’я Сільчанкава, Луцыя Казлоўская. «Я хацеў сказаць вам адно слова, гэта слова — радасць. Там, дзе ёсць кансэкраваныя асобы, заўсёды ёсць радасць», — вучыць Папа.
Айцец Пётр Фраштэнга падчас рэкалекцый урачыста перадаў дэкрэты дэлегата правінцыі свецкага Ордэну кармэлітаў босых айца Робэрта Марцінёка OCD аб прызначэнні на пасады кіраўніка свецкага Ордэну, сяброў рады, скарбніка супольнасці, адказнага за фармацыю, сакратара супольнасці. На рэалізацыю гэтых заданняў святар пажадаў шчодрага Божага благаслаўлення і апекі Марыі, Каралевы Кармэлю.
Практычныя заняткі па навучанні ўнутранай малітве, якая засноўваецца на духоўнай спадчыне святой Тэрэзы ад Езуса, праходзяць кожны чацвер у 18.00 у капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі, 6/1) у Мінску. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.
С. Ірына Шыцікава OCDS
|