Улады Магілёва з радасцю прывіталі будучага біскупа |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
23.06.2015 13:32 |
23 чэрвеня ў Магілёўскім гарвыканкаме Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся са старшынёй Магілёўскага
гарвыканкама Уладзімірам Цумаравым і намеснікам старшыні Магілёўскага
аблвыканкама Валерыем Мялешкам. Падчас сустрэчы арцыбіскуп прадставіў уладам новапрызначанага дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з пастырскай апекай у Магілёўскай вобласці Аляксандра Яшэўскага. Улады Магілёва і вобласці вельмі прыхільна прынялі новае прызначэнне і з радасцю казалі, што нарэшце ў Магілёве будзе біскуп. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч разам з біскупам намінатам Аляксандрам Яшэўскім і прысутным на сустрэчы пробашчам магілёўскай катэдры кс. Юрыем Быкавым абмеркавалі шляхі садзейнічання і закранулі праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Сустрэча прайшла ў духу ўзаемаразумення, бакі выказалі жаданне далейшага ўзаемадзеяння і вырашэння праблем, з якімі сутыкаецца Касцёл у Магілёве і вобласці. Потым у магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу з нагоды адкрыцця фестывалю «Магутны Божа», якую з арцыпастырам канцэлебравалі біскуп намінат Аляксандр Яшэўскі, ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч і ксёндз Юрый Быкаў. У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу на назву фестываля «Магутны Божа», якая, па словах іерарха, «нагадвае аб тым, што Бог заўсёды з чалавекам, Ён з'яўляецца Валадаром гісторыі і таму Яго неабходна ставіць на першае месца». Арцыбіскуп заклікаў шматлікіх вернікаў у няпростыя часы секулярызму заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і давяраць Богу, які заўсёды з намі і дапамагае, калі толькі мы прымаем Яго дапамогу. (KNR) |