Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Літургія Мукі Пана ў мінскай архікатэдры: «Дазволім Езусу паглядзець у нашыя вочы»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.03.2016 01:35

«Цярпенні і смерць Езуса на Галгоце дапамагаюць нам лепей зразумець сапраўдны сэнс Вялікага посту», — заўважыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас літургіі Мукі Пана ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікую пятніцу, 25 сакавіка.

На пачатку набажэнства ўсе прысутныя з пакорай выказалі Богу ўсведамленне сваёй грэшнасці сімвалічнымі жэстамі. Святары ляглі перад алтаром тварам уніз, а прысутныя вернікі маліліся ўкленчыўшы.

Пасля чытанняў і псальма, цалкам прысвечаных Муцы Пана, пачалася літургія слова. Яшчэ раз перажыць моманты асуджэння і мукі Езуса на крыжы вернікі змаглі падчас чытання ўрыўку з Евангелля паводле Яна.

Потым прысутныя памаліліся аб збаўленні для ўсяго свету.

«Сёння крыж часта становіцца нейкай забаўкай. Мы памятаем тэрарыстычныя акты ў Парыжы, калі загінула шмат людзей. Мы смуткуем і молімся. Молімся і цяпер — за ахвяр у Бруселі», — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп прывёў прыклад нягодных адносін да крыжа і распавёў, што ў тым жа Бруселі можна свабодна купіць скейтборд з выявай крыжа на верхняй частцы.

«І на гэтым крыжы стаіць чалавек і ездзіць. З Богам нельга жартаваць! Бог скажа сваё слова, але скажа яго так моцна, што потым будзе позна», — падкрэсліў іерарх.

«Мы павінны памятаць, што крыж — гэта не забаўка, гэта не знак біжутэрыі, а знак збаўлення, знак, на якім Бог паказаў сваю самую вялікую любоў да кожнага чалавека», — нагадаў Мітрапаліт.

Узгадаўшы прыклады Пятра і Юды — іх падабенства ў здрадзе Езусу і зусім розныя шляхі пасля гэтай здрады, — арцыпастыр у сваёй гаміліі яшчэ раз нагадаў, як важна з пакорай прыйсці да Езуса, прызнаўшы свае грахі.  

«Калі будзем адараваць крыж, дазволім Езусу паглядзець у нашыя вочы, каб Яго позірк выклікаў у нас слёзы. Слёзы смутку за нашыя грахі. Бо калі гэта станецца, то гэтыя слёзы ператворацца ў радаснае “Аллелюя!” велікоднага ранку. І мы станем Пятрамі нашага часу», — заахвоціў вернікаў іерарх.

“Паразмаўляць” з Езусам на Галгоце падчас адарацыі крыжа ў катэдры прыйшло вельмі шмат людзей. Задуменныя позіркі, апушчаныя галовы, з ружанцам або проста складзенымі ў знак пашаны рукамі, сталыя, дарослыя, моладзь і зусім яшчэ малыя — яны ішлі да Яго…

А Ён чакаў. У вобразе фігуры на дрэве крыжа глядзеў на натоўп — такі маўклівы і такі пакорны, з прабітым бокам, з якога нібы лілася кроў, намаляваная фарбай.

І можна было не заўважыць за гэтай фарбай сапраўдны жывы паток любові, якая пралівалася на ўсіх і казала: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас».

І яны прыйшлі. Не толькі цалавалі Яго ногі, але і прынялі пасля адарацыі крыжа Яго цела ў святой Камуніі.

Напрыканцы набажэнства ва ўрачыстай працэсіі святары перанеслі Найсвяцейшы Сакрамэнт, цела Збаўцы, у сімвалічную грабніцу. Там ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі.

Марына Валасар,
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.