Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Раздзяленне радасці трыумфу і перамогі Бога»: велікодная раніца ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.03.2016 10:26

Раніцай 27 сакавіка, у нядзелю Уваскрасення Пана, ва ўрачыстай працэсіі каля архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, каб абвясціць, што Хрыстус уваскрос, прынялі ўдзел вернікі Мінска. Пасля працэсіі адбылася рэзурэкцыйная Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Літургічная цэлебрацыя нядзелі Уваскрасення пачынаецца на світанні. З самай раніцы ў адбываецца ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні або вуліцамі гарадоў і вёсак, а затым цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца рэзурэкцыйнай (ад лац. resurrectio — уваскрасенне).

«Пасха Хрыстова — гэта не мінулае, але сучаснасць»

«Смерць ужо больш не пануе ў гэтым свеце. Замест яе Хрыстус сваёй Пасхальнай таямніцай смерці і Уваскрасення падарыў нам жыццё», — сказаў у гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Наша радасць сутнасна іншая і адрозніваецца ад радасці, якую перажываюць удзельнікі гадавіны ці юбілею нейкай значнай падзеі. Вялікдзень – гэта не чарговая гадавіна Уваскрасення Езуса, якое мела месца амаль што 2000 гадоў таму ў Ерузалеме. Гэта таксама не памятнае мерапрыемства – не ўспамін першага пасхальнага ранку», — патлумачыў арцыпастыр.

«Гэта дзень, які Пан учыніў. Сёння Ён уваскрос. Мы павінны засяродзіць нашу ўвагу на тым, што Пасха Хрыстова — гэта не мінулае, але сучаснасць. Мы не гледачы, якія цікавяцца рэакцыяй асобаў з сённяшняга Евангелля: Марыі Магдалены, Пятра і Яна. Мы ўдзельнікі праўды Уваскрасення Хрыста. Сённяшні дзень – гэта раздзяленне радасці трыумфу і перамогі Бога», — падкрэсліў Мітрапаліт.

«Хрыстус дапамагае нам уваскрэснуць з грэшнай магілы»

Іерарх нагадаў, што з першых стагоддзяў сімвалам хрысціянства з’яўляецца якар, прызначэнне якога — трымаць карабель падчас буры на моры, каб ён не патануў або каб цячэнне не знесла яго. «Таксама і Хрыстус трымае нас на ўзбураных хвалях нашага жыцця. Ён, бязмежны ў сваёй міласэрнасці, дапамагае нам уваскрэснуць з грэшнай магілы», — адзначыў арцыбіскуп.

«Мы можам гэта ўчыніць моцаю Уваскрослага Хрыста, калі дазволім Яму дакрануцца да нас сваёй ласкай, — падкрэсліў іерарх. — Моцай святла Уваскрослага мы можам выйсці з цемры нашага жыцця».

«Калі Уваскрослы Хрыстус дзейнічае ў нас, то мы, грэшныя, уваскрасаем з Ім. Яго Уваскрасенне напаўняе нас надзеяй і захоўвае ў бяспецы», — сказаў арцыпастыр.

«Свята Пасхі — свята Божай любові»

Нагадваючы, што ў Пасхальнай таямніцы смерці і Уваскрасення Хрыста «праявілася бязмежная любоў Бога да чалавека», Мітрапаліт дадаў: «Гэтая любоў праяўляецца і цяпер. Свята Пасхі — гэта свята Божай любові».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў удзельнікаў рэзурэкцыйнай Імшы: «Дазволім, дарагія браты і сёстры, каб Пасха прынесла нам новае жыццё, не зважаючы на розныя жыццёвыя цяжкасці. Дазволім Хрысту ўваскрасаць у нас».     

На заканчэнне святкавання велікоднай раніцы Мітрапаліт павіншаваў усіх з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Пана.

(AG)
Фота Міколы Новікава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.