«Хваліце Пана, бо навекі Міласэрнасць Ягоная»: арцыбіскуп Кандрусевіч у свята Божай Міласэрнасці наведаў мінскую парафію ў Лошыцы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.04.2016 21:07 |
Усё было сімвалічна ў гэты дзень: і пачатак Імшы а 15-й гадзіне, і вышытая выява святой Фаўстыны на арнаце аднаго са святароў, і спевы падчас Імшы, і цёплае веснавое сонца... Быць узброенымі Божай Міласэрнасцю
У ліку святароў, якія канцэлебравалі Імшу, быў таксама кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай а. Віктар Бурлака OFM. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі падкрэсліў, што Божая міласэрнасць з’яўляецца галоўнай прыкметай Бога, і заахвоціў прысутных быць носьбітамі Божай міласэрнасці ў свеце, які так часта напаўняецца эгаізмам.
«Божая міласэрнасць з’яўляецца адной з найвышэйшых прыкмет Божай любові — апагею ва Уваскрасенні Хрыста. Калі прасочым усю гісторыю хрысціянства, то пабачым, як праяўлялася Божая міласэрнасць у жыцці грамадства», — дадаў іерарх. Звяртаючыся да прысутных з пытаннем: «Што азначае для нас, людзей XXI стагоддзя, праўда пра Божую міласэрнасць?», арцыбіскуп назваў Божую міласэрнасць выратавальным кругам у «грахоўным балоце».
«Ідэя Божай Міласэрнасці вельмі добра прадстаўлена ў абразе Божай Міласэрнасці: Бог ідзе да нас, Ён не забываецца пра нас. Ідучы, Ён паказвае на сваё сэрца, з якога сыходзяць два прамяні. Яго правая рука паднята ўверх і благаслаўляе ўсіх — і добрых, і злых. І рука быццам застыла — у жэсце адпушчэння грахоў». Прыгадваючы часы барацьбы камунізму з верай, арцыбіскуп падкрэсліў мужнасць хрысціян, якія пакутавалі за свае рэлігійныя пераканні:
Прыгадваючы 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, якое будзе адзначацца 26 красавіка, Мітрапаліт заахвоціў не забывацца і пра духоўны Чарнобыль пераследу веры, які трываў тры пакаленні.
Звяртаючыся да вернікаў, якія ў гэты дзень прынялі сакрамэнт канфірмацыі, іерарх адзначыў: «Трэба быць моцным у веры, а для гэтага неабходна адкрыцца Божаму Духу, каб Ён перамяняў вас. Будзьце носьбітамі Божай Міласэрнасці, каб яна ахінала ўсіх людзей на нашай зямлі і наш Касцёл». Пасля святой Імшы быў зачытаны Акт прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Езусу Міласэрнаму, а таксама адбылася супольная малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці. *** На двары побач з капліцай у гэты час пад цёплымі веснавымі прамянямі гарэзліва бегалі дзеці. Іх бестурботны смех час ад часу разам з сонцам дасягаў вокнаў капліцы, як бы нагадваючы сабраным на Імшы: жыццё, ты працягваешся! Хто, як не яны, маленькія дзеці, якія нязломна вераць сваім бацькам, павінны быць прыкладам для нас, каб аддавацца ў рукі Найвышэйшаму Айцу і Яго Міласэрнасці?.. |
Фотарэпартаж |