Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Да Марыі ў Будслаў: 26-я пешая пілігрымка Мінск-Будслаў вырушыла з мінскай архікатэдры (+відэа)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.06.2016 16:53

27 чэрвеня з архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску выйшла 26-я пешая пілігрымка ў Будслаў, у якой удзельнічаюць больш за 230 чалавек. У дарозе пілігрымы правядуць пяць дзён і пройдуць шлях у 118 км. 

Сярод пілігрымаў — не толькі мінчане, але і вернікі парафій з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з замежжа. Для некаторых пешая пілігрымка Мінск-Будслаў — першая ў іх жыцці. Як, напрыклад, для жыхара Беразінскага Казіміра Віля, якому 67 гадоў. Або для беларуса Сяргея Зубкоўскага, які, каб пайсці ў пілігрымку, спецыяльна прыехаў з Нью-Ёрка, дзе жыве апошнія гады... 


Дарогамі Хрыста

Святую Імшу на пачатак пілігрымкі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі арцыпастыр засяродзіў увагу на постаці св. Кірылa Александрыйскага, які жыў у IV-V стагоддзях і якога Касцёл успамінае ў гэты дзень.

Мітрапаліт адзначыў, што святы Кірыл Александрыйскі з’яўляецца адным з найбольш вядомых багасловаў свайго часу. Ён быў прадстаўніком славутай Александрыйскай тэалагічнай школы, стваральнікам хрысталагічнай дактрыны, аўтарам многіх трактатаў, прысвечаных Бібліі, апалагетыцы і дагматыцы.

Ён бараніў вучэнне аб непадзельнасці боскай і чалавечай прыроды Езуса Хрыста. Менавіта Кірыл Александрыйскі, як нагадаў Мітрапаліт, увёў у тэалогію тэрмін «іпастасная еднасць», што азначае адзінства чалавечай і боскай прыроды ў Езусе Хрысце: кажучы коратка, што Хрыстус – гэта адначасова Бог і чалавек.


Як дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI вучыць, што хрысціянства — гэта не ідэя, але сустрэча з асобай Езуса Хрыста. Да гэтай сустрэчы, адзначыў Мітрапаліт, найлепей вядзе Панна Марыя, якая з’яўляецца самым кароткім шляхам да Хрыста.

«Сёння мы распачынаем 26-ю пілігрымку з мінскай катэдры ў Будслаў. Сколькі маладых, і не толькі, людзей прайшло гэтым шляхам за мінулыя 25 гадоў», — сказаў іерарх. Мітрапаліт дадаў, што сёлетняя пілігрымка ўпісваецца ў Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці і юбілей 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а «без гэтага не магло б быць падобных пілігрымак, якія з’яўляюцца публічным вызнаннем нашай веры».



Сёлетняя пілігрымка, па словах арцыпастыра, адметная і тым, што ў Будславе пілігрымы сустрэнуцца не толькі з Паннай Марыяй, але і са спецыяльным пасланнікам Папы Францішка арцыбіскупам Вены кардыналам Крыстафам Шонбарнам, вялікім прыхільнікам набажэнства да Божай Маці.

«Гэтай дарогай мы сведчым пра сваё хрысціянства»

Дэвіз сёлетніх будслаўскіх урачыстасцяў «Надзея ў Божай міласэрнасці» заклікае, як адзначыў Мітрапаліт, даверыцца Божай міласэрнасці, што вельмі актуальна ў Юбілейны Год Божай Міласэрнасці.


Іерарх нагадаў удзельнікам, што пілігрымка – гэта не турпаход, але малітва, шлях да Бога. Арцыпастыр дадаў, што пілігрымкі былі вядомыя ў Старым Запавеце, развіліся ў Новым і ў нашы часы сталі адным з праяўленняў рэлігійнага жыцця вернікаў. «Гэтай дарогай мы сведчым пра сваё хрысціянства», — падкрэсліў арцыпастыр.

Іерарх пажадаў пілігрымам Божага благаслаўлення і апекі Божай Маці, каб пілігрымка стала для іх яшчэ адным крокам да духоўнага ўдасканалення і спазнання Божай міласэрнасці.

«Пілігрымка — шлях да Бога, у якім варта браць у дарогу толькі неабходныя рэчы. Вазьміце толькі тое, што патрэбна для духоўнага жыцця, каб праз Марыю прыйсці да Бога, у якім наша надзея», — заключыў Мітрапаліт. 


(AG), (IL)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.