Якое адзенне больш падыйдзе для пілігрымкі: красоўкі ці басаножкі?
Спадніца ці джынсы? Капялюш або бандана? Пра свой «дрэс-код» журналісту
Catholic.by распавядаюць хлопцы і дзяўчаты ХXVI пешай пілігрымкі
Мінск-Будслаў. Што апрануць?
Сяргей, каб пайсці ў пілігрымку, адмыслова прыехаў у Мінск з Нью-Ёрка. Дзмітрый узяў у пілігрымку «працоўны» камплект вопраткі, бо працуе на палявой кухні. Семінарыст Яўген будзе ісці ў сутане, а таму паклапаціўся толькі пра зменны абутак. Ружа абрала практычнасць і джынсы, Кацярына — верная доўгай спадніцы...
Кацярыну і яе сяброўку я сустракаю перад мінскай катэдрай задоўга да пачатку Імшы. Дзяўчаты гутараць між сабой, збіраюцца з духам.
«У пілігрымку іду толькі я, а сяброўка за кампанію прыйшла падтрымаць, — кажа Каця. — У дарогу я бяру зручнае і простае адзенне: найперш доўгую спадніцу і закрытую кашулю, як і належыць дзяўчыне — тым больш у духоўным падарожжы ў Будслаў».
Па-іншаму выбіралі «фэшн-камплект» пілігрымы Ганна Халіпава і Алена Драбата.
Ганна з мінскай архікатэдры ідзе ў сваю шостую пілігрымку, а яе сяброўка Алена з Ахрэмаўскай парафіі на Браслаўшчыне толькі адкрывае лік сваім пілігрымкам з Мінска. Да гэтага дзяўчына восем разоў прыходзіла ў Будслаў з Браслава.
«Мы, магчыма, сёння не зусім правільныя пілігрымы, бо выходзім не ў спадніцах, а ў шортах, — жартуюць дзяўчаты. — Але ў першы дзень пілігрымкі да адзення вырашылі падысці больш практычна. У гэтых рэчах зручна ісці — гэта галоўнае, а дарога чакае немаленькая».
Дзмітрый Ананіч прызнаецца, што яго сённяшні «дрэс-код» абумоўлены тым, што ў пілігрымцы ў яго будуць асаблівыя абавязкі:
«На мне такі яшчэ ўрачысты варыянт, буду перапранацца ў больш працоўную “форму” – у пілігрымцы я працую на кухні».
Сярод рэчаў, якія Дзіма бярэ ў пілігрымку, таксама бандана і чаравікі.
«Узяў з сабою бандану, каб засцерагчы галаву ад сонца. Каб не нацёрці мазалі, са мною добрыя чаравікі. Аднойчы я выходзіў неяк у кедах, але хутка адчуў, што гэта было не лепшым рашэннем (усміхаецца). А ўвогуле шырокія штаны і добрая кашуля – тое, што трэба. Праўда, крэм ад сонца таксама са мной — браў найвышэйшую абарону 50+».
Чытайце таксама:
Семінарыст Яўген Вінтоў, які вучыцца на шостым курсе духоўнай семінарыі, у пешую пілігрымку «Мінск-Будслаў» выходзіць другі раз, раней, як кажа сам, прыязджаў роварам.
«Усю пілігрымку буду ісці ў сутане, — кажа Яўген. — Гэта ўжо такая традыцыя ў святароў і семінарыстаў. Канешне, цяпло адчуваецца, але заўсёды, як пойдзе дождж, прыходзіць і прахалода. Яшчэ я ўзяў тры пары абутку, бо ў мінулым годзе выйшаў у красоўках і вельмі хутка пашкадаваў, давялося змяняць на лягчэйшы абутак — інакш не дайшоў бы».
Яўген Вінтоў дадае, што пілігрымка для яго — добры час, каб паразважаць над жыццёвым пакліканнем, а таксама «добры час сустрэчы з людзьмі, час новых знаёмстваў». «Яшчэ я цаню пілігрымку як час, у якім магу зачэрпнуць для сябе пэўныя веды для душпастырства ў будучыні», — заключае семінарыст.
Галоўнае, што практычна
Алена Новікава ў пілігрымку ідзе ўпершыню, а для Ружы Міхайлоўскай, яе сяброўкі, гэта пілігрымка стане ўжо дзявятай. Дзяўчаты адзначаюць, што сачылі за прагнозам надвор’я, таму і апраналіся згодна з прагнозамі сіноптыкаў.
«Сёння чакаецца дождж, таму я ў джынсах. А яшчэ з сабою капелюшы, каб можна было хавацца ад сонца ў наступныя дні дарогі», — адзначае Ружа. «А я ў першы дзень іду ў сандалях, бо ў іх зручней, — дадае Алена. — Увогуле, выбірала лёгкае і зручнае адзенне».
А вось сёстры Наталля і Вераніка Дарагуш з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску (Сухарава) вырашылі быць непадобнымі адна да адной і апрануліся па-рознаму.
Кожная з дзяўчат абрала свой «фэшн-камплект», непадобны да варыянта сястры.
На фота: Наталля і Вераніка Дарагуш разам з мамай «Я апраналася па прынцыпу зручнасці: на мне няма спадніцы, бо на прывалах зручней сядзець у штанах. Сёння горача, таму басаножкі, а не красоўкі, — усміхаецца Наталля. — А яшчэ ў заплечніку прыхавана хустка, каб не згарэць на сонцы. І “Пантэнол”!».
Яе малодшая сястра Вераніка прадстаўляе сваю «фэшн-версію» пілігрыма:
«На мне гэта спадніца, бо яна доўгая — сядзець зручна ды й таньчыць таксама (смяецца — заўв. аўт.). — Яшчэ я ўзяла кепку — каб не напякло у галаву, і красоўкі — мне ў іх вельмі зручна». Знайсці ісціну — галоўная мэта пілігрымкі... Крэм ад сонца ў сваім ТОП-3 неабходных рэчаў называў амаль кожны пілігрым. Сяргей Зубкоўскі — не выключэнне. Апошнія 10 гадоў хлопец жыве ў Нью-Ёрку. І ў пілігрымку Мінск-Будслаў ён прыехаў адмыслова ажно з-за акіяну.
«Нічога асаблівага ў пілігрымку не браў: шорты, майкі, штаны. Колеры — белыя, чорныя. Дзве пары красовак і адныя сандалі. Крэм ад сонца і ад камароў», — адзначае Сяргей. «У Нью-Ёрку я наведваю польскамоўную парафію. Увогуле, там ёсць свой “аналаг” Чэнстаховы, куды таксама ідуць пешыя пілігрымкі. Але я пакуль не хадзіў. Раней, калі жыў у Беларусі, я заўсёды толькі ездзіў у Будслаў. Сёлета вырашыў змяніць сітуацыю і ўпершыню іду ў пешую пілігрымку ў Будслаў», — дадае хлопец.
Сяргей дадае, што пілігрымка для яго — гэта жаданне знайсці ісціну. «Гэта галоўная ідэя ўсёй пілігрымкі». Сапраўды, няма, відаць, асаблівай розніцы, у чым мы ідзём у пілігрымку, важна — з чым. Куды важней вопратка душы. І пілігрымка — асаблівы час для таго, каб гэту вопратку пераапрануць на больш чыстую і светлую.
Ілья Лапато, фота аўтара і Віталія Палінеўскага
|