Пілігрымка на сувязі: пра мазалі, дарогу і цуды на шляху распавядаюць удзельнікі пілігрымкі Мінск-Будслаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.06.2016 10:34 |
Больш за 280 пілігрымаў з пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў распачалі свой чацвёрты дзень дарогі да Маці Божай Будслаўскай. Сярод пілігрымаў вялікую частку складаюць дзеці самых розных узростаў. Удзельнікі духоўнага падарожжа пераадолелі ўжо каля 80 км, спыняючыся на начлег у Вішнеўцы, Калачах і Альковічах. Добра перажыць гэтае падарожжа ў практычным і духоўным плане пілігрымам дапамагаюць кіраўнікі пілігрымкі Мінск-Будслаў — кс. Дзмітрый Дубовік і кс. Кірыл Бардонаў.
На пытанне Сatholic.by, ці цяжка ісці, святар заўважае: «З кожным годам, пэўна, шлях становіцца цяжэйшым, надвор'е не вельмі спрыяе, а ў сённяшняй пілігрымцы шмат дзяцей, але калі хтосьці са святароў становіцца кіраўніком пілігрымкі, то Бог заўсёды дапамагае ў гэтай справе, дае сілы». Спавядаюць пілігрымаў таксама кс. Алег Шпець TChr, кс. Дзмітрый Пухальскі, кс. Раман Суша.
«Мазалёў няма. Добра сябе адчуваю. Думаю, што ў пілігрымцы ў нас ёсць магчымасць ісці да Маці Божай і паказваць усёй краіне, што мы верым. Пасля аб’яўлення Маці Божай у Фаціме мы павінны ісці да Яе з мэтай перапрашэння за грахі ўсяго свету», — адзначае Ілья Міранкоў, парафіянін мінскага касцёла свв. Сымона і Алены. Нягледзячы на перашкоды, пілігрымы з Мінска крочаць далей сваім шляхам да Маці Божай. І ўжо заўтра ўвечары яны змогуць скласці ўсе свае інтэнцыі перад Яе цудатворным абразом у Будславе. |
Фотарэпартаж |