Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што паглядзець у намётах «фэставага кірмашу»? Агляд карэспандэнта Catholic.by
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.07.2016 23:12

Урачыстае прыйсце і доўгачаканая сустрэча, вечаровая Імша для пілігрымаў, чаканне велічнай працэсіі і начной Эўхарыстыі, безліч сустрэч з сябрамі, безліч усмешак, поціск рук і абдымкаў.

Вось гэты будслаўскі час, які яднае ў Божай ласцы і Матчынай радасці ўсіх, хто прыйшоў, хто даехаў, хто вылучыў свой час на прабыванне ў Божым пілігрымскім хаўрусе.

Акрамя ўсяго гэтага, кожны фэст на нашай зямлі ніколі не абыходзіўся без кірмашыку ці кірмашу. Будслаў не выключэнне.

Якраз у тым парку, што насупраць святыні, па перыметру столькi малых і вялікіх намётаў, дзе ў вольны час можна прайсціся ды штосьці прыдбаць: кнігу, ружанец, абраз, новыя дыскі і іншыя цікавыя рэчы. Асобнай увагай карыстаюцца інфармацыйныя намёты, дзе можна і даведацца пра дзейнасць хрысціян, і пачаставацца нечым смачным.


У гэтым годзе наш карэспандэнт адмыслова прайшоўся па перыметру гэтага аздобленага кірмашыкам парка і паназіраў, што цікавае там можна знайсці.

Вось некалькі намётаў, якія расклалі супрацоўнікі «Pro Christo», асобны намёт часопіса «Ave Maria».

«Што б тут новенькага паглядзець?» — толькі вырвалася пытанне.

«А вось новы пераклад знакамітага кс. Яна Твардоўскага перакладчыцы Ганны Шаўчэнка», — і адразу супрацоўніцы перадаюць у рукі новае выданне кнігі разам з апошнім нумарам «Нашай веры».


Асобны намёт моладзевай місіі «Чыстае сэрца», які не толькі распавядзе пра асноўныя праекты і ідэі, запросіць далучыцца да іх, але і натоліць смагу квасам лепшага гатунку. Пакаштавана і пацверджана многімі пілігрымамі.

Побач з пярэстым трыо намётаў палатынцаў, капуцынаў і валанцёраў «Карытас», дзе шмат рознай каталіцкай прадукцыі, у тым ліку і «харчовай», месціцца намёт, якога раней у Будславе не было.

Гэта спецыяльны намёт, дзе дзве мамы — Рыта Шылей і Тамара Зубко з Паставаў — вырашылі распавесці пра змаганне за жыццё і здароўе сваіх дзяцей, якія хворыя на дзіцячы цэрэбральны параліч.

«Мы проста вырашылі, што не будзем маўчаць аб тым, з чым прыходзіцца сутыкацца, перажываць і змагацца. І мы б хацелі, каб іншыя бацькі, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі, далучыліся да нас і не замыкаліся сам-насам з цяжкасцямі», — кажа Рыта Шылей.

Асобны намёт падрыхтаваў гурт «Laudans», дзе можна набыць іх новы дыск, а таксама даведацца больш пра музычны хрысціянскі фестываль «Laudatо Si».

У гэтым годзе асобную палатку прывезлі і з Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Цішоткі з семінарыйным дызайнам, кубкі і іншыя рэчы, якія прыемна падарыць сябру, альбо рэпрадукцыя абраза з благаслаўлёным Мечыславам Багаткевічам.

Некалькі прыгожых і густоўных намётаў, якія традыцыйна падрыхтоўваюць прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы ад мінскага Свята-Елізавецінскага манастыра.

«Я ўжо прыязджаю ў Будслаў трэці раз», — дзеліцца Надзея Галубцова з Мінска, якая працуе пры праваслаўных лаўках і належыць да сястрынства пры манастыры.


З ёю згаджаюцца яе супрацоўніцы сёстры Вера Старэнькая і Маргарыта Бяляўская.

«У гэтым месцы адчуваецца вялікая радасць і Божая ласка», — дзеліцца Надзея Галубцова.

Далей прыцягваюць увагу два мужчыны, якія падрыхтавалі на кірмаш шматлікія сувеніры з Будславам. Гэта католікі з Мядзела Аляксандры Апанасевічы, бацька і сын.

«У Будслаў мы штогод прыязджаем, а таксама прывозім свайго тату – Войцеха», — кажа бацька Аляксандр.

Войцеху Апанасевічу сёлета 85 гадоў, але і ў такім узросце для вернікаў дасяжная пілігрымка ў Будслаў.

Наступны прыпынак — таксама новая для Будслава рэч — «Лаўка цвярозасці». За яе адказная сям’я Шчэпіных.


Уладзімір і яго жонка Таццяна пад кіраўніцтвам айца Тадэвуша Кавальскага OFMCap займаюцца Цэнтрам дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач».

«Гэты намёт змайстраваў нам сам айцец Тадэвуш, — дзеліцца Таццяна. — Нам вельмі б хацелася, каб пра наш цэнтр даведалася як мага больш людзей».

А Эма Едэшка прыехала на Мядзельшчыну з Гродзеншчыны. У яе маюцца доўгія льняныя сукенкі на выбар, у якіх на фэст прыязджае шмат дзяўчат.


І, канешне, забава і прыемнасць для дзяцей, цукровыя «пеўнікі» і іншая каляровая драбяза ў дадатак да вялікага набытку сэрца і душы, якім жыве і поўніцца Будслаў штогод.

Назіралі Аксана Ючкавіч, Мікола Новікаў

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.