Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Што больш за любоў Бога?»: дзеці нарачанскай парафіі станчылі для кардынала (+відэа)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.07.2016 05:40

Нарач стала другім «кармэлітанскім пунктам» падчас наведвання папскім пасланнікам Мядзельшчыны.


Прывітаць шаноўнага госця да касцёла ў Нарачы прыйшло мноства людзей, у ліку якіх былі і прадстаўнікі мясцовай улады.

А спецыяльным падарункам для папскага пасланніка стаў адмысловы танец, падрыхтаваны дзецьмі парафіі.

Маленькія танцоры развучылі танец пад тры песні, адну з якіх – на нямецкай мове – на памяць ведаў і кардынал.


«У Аўстрыі гэту песню ведае кожнае дзіця, – адзначыў іерарх. – У ёй спяваецца пра любоў Бога: што можа быць большае, шырэйшае і вышэйшае за яе?»

Прадстаўнікі парафіі, вітаючы кардынала Крыстафа Шонбарна, адзначылі, што «хрысціяне ў Беларусі ў спакусах свету выбіраюць Хрыста», падарыўшы госцю на памяць альбом.


Віншуючы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 35-годдзем святарства, прадстаўнікі парафіі прэзентавалі беларускаму іерарху і яго госцю з Аўстрыі кошык трускавак.


Выказваючы падзяку парафіянам за гасціннасць, кардынал зазначыў, што на прыкладзе нарачанскай парафіі ён адкрыў для сябе тры рэчы пра Каталіцкі Касцёл у Беларусі:

«Першае – вашы касцёлы аднаўляюцца, што сведчыць пра вялікую любоў Божага народа да Касцёла. Другое – я пабачыў шмат дзяцей у касцёле, яны ўмеюць танчынць і спяваць: Касцёл у Беларусі мае будучыню! І трэцяе – гэта вашы бабулі: кожны раз, калі я бачу пажылых людзей у святыні, маё сэрца напаўняецца радасцю».

Напрыканцы кардынал удзяліў усім прысутным папскае благаслаўленне.

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.